"Я шчаслівы, што з вамі размаўляю."

Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»

8 мая 2008г.

У свае 90 гадоў ён бадзёры, разважлівы і грунтоўны. Пётр Аляксеевіч Адзярыха на Магілёўшчыне чалавек бадай што легендарны: настаўнік, марак, які ўпісаў сваё імя ў летапіс Магілёўскай вобласці і роднай Беларусі. У сталічным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца яго фотаздымак і грамата Чырванасцяжнага Балтыйскага ваенна-марскога флоту за актыўны ўдзел у рамонце карабля. Нават нягледзячы на паважаны ўзрост, памяць майго героя не падводзіць: усе падзеі свайго жыцця ён памятае да драбніц.

Пётр Аляксеевіч Адзярыха нарадзіўся ў вёсцы Капацэвічы, Старобінскага раёна (зараз Салігорскі раён) Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да пяці гадоў жыў з бацькамі. Калі бацька памёр ад тыфу, маці, не вытрымаўшы гора, таксама захварэла і памерла, пакінуўшы шасцёра сірот. Старэйшай сястры было 15, а малодшаму брату — два з паловай года.

   

Наша сястра Клаўдзія, — расказвае Пётр Аляксеевіч, — праявіла гераізм: не аддала нас у прытулак. Мы раслі і выжывалі разам. Зімой вучыліся, летам працавалі. Мая працоўная дзейнасць пачалася з пяці гадоў, змалку наймаўся пастушком.

З дзяцінства наш герой імкнуўся да ведаў. Вось ужо за плячамі пачатковая школа. У краіне адбываюцца вялікія змены.

   

Было весела, — працягвае Пётр Аляксеевіч, — у 1930 годзе ўступілі ў калгас. Усё, што было ў гаспадарцы, давялося аддаць, але думаў я тады больш пра вучобу. Стаў хадзіць за 15 кіламетраў у Старобінскую сямігадовую школу. Дарэчы, такіх апантаных вучобай у вёсцы было шэсць чалавек. У 1932 пасля заканчэння сямігодкі ўступіў у камсамол. Я нават пяць разоў удзельнічаў у ахове дзяржаўнай мяжы з Польшчай (адзін чырвонаармеец і два камсамольцы). Нас вучылі абыходзіцца са зброяй.

Вельмі цяжкімі дляўсёй краіны былі 1932—1933 гады. Голад...

Жыццё, між тым, працягвалася. Праўленне калгаса вырашыла накіраваць хлопца ў Мінск на бухгалтарскія курсы. На сямейнай нарадзе абмеркавалі гэтую прапанову, але грошай не было нават на білет. Відаць, лёсам вызначаны іншы шлях. Праз некаторы час у Старобіне адкрыліся гадавыя педагагічныя курсы, якія Пётр паспяхова закончыў. Настаўнічаць паехаў на Мазуршчыну.

   

Школа размяшчалася ў былым панскім доме, побач рака Случ. Мясціны надзвычайнай прыгажосці, куток для жыцця ёсць — пакойчык паўтара на два метра пры школе. Настаўніцкі калектыў малады: васемнаццаць — дзевятнаццаць гадоў, дырэктару —26, Мы ўсе поўныя энергіі і жадання працаваць.

Наш герой не спыняецца на дасягнутым, ён вучыцца завочна ў Слуцкім педвучылішчы. А ў 1938 годзе выпадкова сустракаецца са сваім сябрам па сямігодцы.

  

Сэрца абарвалася, калі я ўбачыў сябра ў форме марака, так захацелася рамантыкі, што я... паступіў у Гомельскі рачны тэхнікум. Потым быў прызыў на тэрміновую службу. I пасля шматлікіх камісій мяне накіравалі ў Кранштат, у школу сувязістаў Балтыйскага ваенна-марскога флоту.

Яму лёгка даваліся фізіка, матэматыка, захапляўся радыётэхнікай. Вайну сустрэў у Талінскім порце на мінаносцы “Смелы”. Аб ім Пётр Апяксеевіч расказвае ўзнёсла, характарызуе карабель ва ўсіх падрабязнасцях. Памеры вялікія: даўжыня — 96 м, шырыня палубы — 8 м; хуткасць — 44 вузлы.

   

Камандаванне не ўтойвала, што будзе вайна, і 21 чэрвеня 1941 года ў порце была аб’яўлена баявая гатоўнасць. Караблі выйшлі на рэйд, разгрупаваліся і стаялі на адным якары, таму пры налёце нямецкай авіяцыі ніводны карабель не пацярпеў. Пачуцця страху не было. Было жаданне абараняць Радзіму.

Пётр Аляксеевіч расказаў, як ратавалі карабельныя дакументы. У ноч з 2 на 3 ліпеня 1941 года іх карабель ажьіццяўляў ахову вострава Эзель. За 20—30 м ад карабля вартавыя заўважылі тарпедны катэр без апазнавальных знакаў, на пазыўныя ён не адказаў і адплыў. Праз нейкі час катэр выпусціў тарпеду, у выніку чаго пацярпела насавая частка карабля. Падчас выбуху Пётр знаходзіўся на працоўным месцы, ад удару ён страціў прытомнасць, але, на шчасце, ненадоўга і сур’ёзна не пацярпеў. Калі ачуняў, то пачуў крык аб дапамозе: шыфравальшчык Віктар Новікаў не мог выйсці, дзверы заклінавала. Пётр Аляксеевіч дапамог яму выбрацца і адправіць упакаваныя раней сакрэтныя дакументы ў штаб. Каманда пацярпелага карабля “Моцны” была расфарміравана, і Пятра Адзярыху прыпісалі на карабель- лідэр “Ленінград”, таму ўсе цяжкасці блакаднага Ленінграда яму вядомы не па чутках. Калі замерзла Ладага, жыў на 200 грамаў хлеба. Менавіта тут ён даказаў, на што здольны чалавек у экстрэмальных умовах: зімой адзін пешкі хадзіў на склад па дэталі для рамонту карабля. Камандаванне Чырванасцяжнага Балтый- скага ваенна-марскога флоту ўзнагародзіла П.А.Адзярыху граматай, якая зараз знаходзіцца ў Мінску, у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

4 лістапада 1941 года, калі карабель ішоў на паўвостраў Ханка, Пётр Адзярыха, як і многія іншыя, напісаў заяву аб тым, каб у выпадку смерці яго лічылі камуністам.

Пасля вайны выйшаў загад датэрмінова дэмабілізаваць усіх настаўнікаў. Пятру Аляксеевічу прапанавалі застацца ў Ленінградзе, але ён папрасіўся на Радзіму. Яго адгаворвалі, гаварылі, што Беларусь страшна разбураная, у Ленінградзе, маўляў, яму будзе лягчэй — забеспячэнне іншае. I ўсё ж такі Пётр Аляксеевіч праявіў настойлівасць і атрымаў накіраванне ў Гомель, дзе сустрэў свайго сябра, у якога і спыніўся. Жылі ў невялікім буданчыку. Наш герой быў шчаслівы, што ўсё так удала складваецца. Яго залічылі ў Гомельскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, і ён адразу ж атрымаў работу загадчыка кабінета гісторыі.

Праз некаторы час Пётр Аляксеевіч перавёўся ў Магілёўскі педінстытут, дзе сустрэў дзяўчыну, якая і стапа яго жонкай, — Маргарыту Міхайлаўну Навуменка.

— Побач з ёй я адтаў, — усміхаецца Пётр Аляксеевіч, — 57 гадоў мы пражылі душа ў душу. У 2005 годзе не стала маёй вернай сяброўкі, вельмі сумую без яе.

Пасля заканчэння інстытута Пятру Аляксеевічу прапанавалі месца лектара ў гаркаме партыі, але ён адмовіўся і пяць гадоў працаваў настаўнікам у сельскагаспадарчым тэхнікуме ў Жылічах. Цікава, што Пятру Аляксеевічу ўсюды прапаноўвалі лепшае месца, “больш цёплае", але ён заўсёды адмаўляўся. Яго пакідалі ў школе сувязістаў— ён папрасіўся на флот, яму прапаноўвалі дэмабілізавацца ў Ленінград — паехаў у разбураную Беларусь.

Прафесійныя і чалавечыя якасці П.А. Адзярыхі ўсюды былі адзначаны. Калгасу “Рассвет” спатрэбіўся дырэктар школы, такі, каб змог паставіць яе нараўне з дасягненнямі праслаўленага калгаса, і Пятра Аляксеевіча накіроўваюць у Мышкавіцкую школу. Ён сабраў педагагічны калектыў, наладзіў вучэбна-выхаваўчы працэс — паявіліся медалісты.

З Мышкавічаў яго перавялі ў Магілёў намеснікам загадчыка аблана, але гэтая работа не прыцягвала, і Адзярыха папрасіўся ў школу. Так у 1961 годзе ён стаў дырэктарам магілёўскай сярэдняй школы N° 1. Старэйшая школа горада, гісторыя якой пачалася ў 1864 годзе, была ў запусценні, многанацыянальны калектыў раздзіралі канфлікты. 14 гадоў Пётр Аляксеевіч кіраваў установай і вярнуў ёй былую славу. 100-гадовы юбілей школы быў святам усяго горада...

Сваю работу Пётр Аляксеевіч параўноўвае з музыкай:

   Настроіў скрыпычку, трымай смычок так, каб скрыпачка іграла. Лёгка ніколі не было: на мяне нават скаргі пісалі, маўляў, ліберальнічаю. Некаторым хацелася, каб я з кнутом стаяў. Мая ж пазі- цыя такая: педагог і дырэктар павінны выхоўваць словам і ўчынкам, павінны несці дабро, любіць дзяцей, людзей, сваё рамяство.

  

А якія вучні помняцца?

  

Тыя, з якімі было цяжка і каму змог дапамагчы.

  

Скажыце, калі ласка, сённяшняя моладзь адрозніваецца ад моладзі вашага пакалення?

   

Безумоўна, час зараз іншы. Моладзь стала больш разумнай, але мы былі, мне здаецца, больш мэтанакіраванымі, радаснымі. Цяпер у некаторых маладых людзей у адпачынку многа лішняга. У адносінах паміж юнаком і дзяўчынай няма таямніц. Грошы сталі галоўнымі, а гэта — зло. Страчана пачуццё калектывізму. Прывяду такі прыклад. Некалі пры пажары ў вёсцы згарэлі 14 хат. Жыхары аб’ядналіся і да зімы пабудавалі новыя. I нікому ў галаву не прыходзіла патрабаваць плату.

  

Што для вас шчасце?

    

Шчасце — жыць. Я пражыў шчаслівае жыццё: шчаслівы ў сям’і, у мяне добрыя дзеці, унукі, ёсць праўнучка, займаўся любімай справай, абараняў Радзіму. На вайне быў толькі кантужаны. Мая праца адзначана: я ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу”. Я шчаслівы, што жыву, шчаслівы, што з вамі размаўляю.

Людміла БУТРАМЕНКА, член клуба “Творчая гасцёўня”

Дома дзіцячай і юнацкай творчасці “Эверэст” Магілёва