Устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Валянцiна Холада

20.05.2019

Першамайская, 53… Гэты адрас добра вядомы не толькі тым, хто на сушы, але і на моры. Праз сцены сучаснай санаторнай школы-інтэрната, а раней – звычайнага дзіцячага дома – прайшлі сотні дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Сярод такіх быў Валянцін Васільевіч Холад. У дзіцячым доме Валянцін правёў шэсць гадоў (з 1948 па 1954 г.).

17 мая гасцямі гэтай навучальнай установы сталі прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ваенных маракоў”, раённай вертыкалі ўлады, афіцэры, родныя В. Холада. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза, контр-адмірала Валянцiна Васільевіча Холада.

Валянцін Васільевіч Холад нарадзіўся 25 жніўня 1936 года ў вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці БССР у сям’і служачага. Бацька яго загінуў у 1941 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі сыну было пяць гадоў. Маці з трыма сынамі знаходзілася ў партызанскім атрадзе. У перыяд з 1948 па 1954 год Валянцін Васільевіч выхоўваўся ва Уздзенскім спецыяльным дзіцячым доме, скончыўшы там 10 класаў.

Служыў у ваенна-марскім флоце з 1954 года. Скончыў у 1958 годзе 1-е вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання, у 1968 годзе – вышэйшыя спецыяльныя афіцэрскія класы ВМФ, у 1978 годзе – акадэмічныя курсы афіцэрскага складу Ваенна-марской акадэміі імя А. Грэчкі. У 1988 годзе – Ваенна-марскую акадэмію імя М. Кузняцова. Пасля заканчэння вучылішча атрымаў прызначэнне на Паўночны флот. Быў камандзірам тарпеднай групы падводнай лодкі “С-362”, камандзірам баявой часткі-3 падводнай лодкі “С-172”, старэйшым памочнікам камандзіра падводнай лодкі “С-197”. Служыў на атамных падводных лодках Паўночнага флота. З 1968 па 1977 год прайшоў шлях ад старэйшага памочніка камандзіра атамнай падводнай лодкі “К-423” да намесніка камандзіра дывізіі падводных лодак. Зарэкамендаваў сябе дасведчаным камандзірам-падводнікам, удзельнічаў у сямі далёкіх паходах. Задачы баявой службы выконваў паспяхова. Экіпаж пад камандаваннем Валянціна Васільевіча неаднаразова аб’яўляўся выдатным, адрозніваўся згуртаванасцю і калектывізмам.

За засваенне новай тэхнікі ў 1974 годзе капітан 2-га рангу В. В. Холад узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. З верасня па кастрычнік 1977 года знаходзіўся ў распараджэнні галоўнакамандуючага ваенна-марскім флотам. У 1978-1992 гадах служыў у воінскіх частках Міністэрства абароны СССР і Расійскай Федэрацыі. У якасці старшыні Дзяржаўнай камісіі ўдзельнічаў у выпрабаваннях і прыёмцы новай ваенна-марской тэхнікі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 21 снежня 1982 года за паспяховае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу капітану 1 рангу Валянціну Васільевічу холаду прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Пастановай Савета Міністраў СССР ад 17 лютага 1988 года яму прысвоена воінскае званне “контр-адмірал”.

Валянцін Холад памёр ў чэрвені мінулага года, пахаваны на Серафімаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз ваенных маракоў” пад кіраўніцтвам Валерыя Іванавіча Халадзіліна звярнулася ў райвыканкам з хадайніцтвам аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі. І гэта просьба не засталася без увагі. Аўтарам эскізнага праекта мемарыяльнай дошкі з’яўляецца вядомы скульптар Алег Рыгоравіч Купрыянаў. Фінансаванне работ па праектаванні, вырабе, устаноўцы мемарыяльнай дошкі праведзена за кошт збору сродкаў ветэранаў ваенна-марскога флоту і спонсарскай дапамогі.

Шмат у гэты дзень гаварылася пра Валянціна Холада. Успамінамі пра падзяліліся жонка Жанна Мікалаеўна Холад, віцэ-адмірал Адам Рымашэўскі, іншыя госці.

Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку было прадастаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Ігару Пятровічу і віцэ-адміралу Адаму Рымашэўскаму. Пасля чаго да дошкі былі ўскладзены кветкі памяці і павагі. Прадаўжэннем стала экскурсія па санаторнай школе, знаёмства з музеямі, буднямі тых, хто сёння адпачывае і аздараўліваецца ў гэтай навучальнай установе. Яшчэ адным прыемным момантам стала ўручэнне юбілейных медалёў, абмен літаратурай і папаўненне экспазіцыі аб жыцці і службе В. Холада, якая дзейнічае ў санаторнай школе-інтэрнаце, новымі экспанатамі з ліку асабістых рэчаў, якімі падзяліліся родныя віцэ-адмірала.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара