Ветеран Владимир Парабкович - об омраченном детстве, смелых военных операциях на черноморском эсминце и мирной жизни

06.02.2020


Юнга далёкага плавання

Памяць пра мiнулае дапамагае тым, хто жыве. Дзень Перамогi — святое свята, калi мы ўспамiнаем i дзякуем слаў­наму пакаленню, якое цаной неверагодных намаганняў выстаяла ў барацьбе з фашызмам, тых, дзякуючы каму мы сёння можам радавацца мiрнаму небу над галавой. Сёння мы пачынаем новы сумесны праект «Во славу общей Победы». Яго галоўныя героi, ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны, раскажуць нам з вамi свае асабiстыя гiсторыi адвагi i мужнасцi.
 

Ветэран узнагароджаны ордэнам ВАВ II ступенi, шматлi­кiмi медалямi, тройчы ўзнагароджваўся як актывiст Беларускага фонда мiру.

Ветэрану i iнвалiду Вялiкай Айчыннай вайны, капiтану 3-га рангу Уладзiмiру Парабковiчу 93 гады. Ён жыве ў Рэспублiканскiм iнтэрнаце ветэранаў вайны i працы ў Ждановiчах. Наш герой вайсковую прысягу прыняў яшчэ хлапчуком, устаўшы пад флаг легендарнай Салавецкай школы юнг першага набору Ваенна-Марскога флоту. Пра тое, як лёс закiнуў адважнага беларуса так далёка ад родных мясцiн, пра вучэбныя буднi i службу на «загавораным» эсмiнцы ён распавёў нам у падрабязнасцях.

«Дзiцём сябе не памятаю»

У сваiм пакоi суразмоўца аформiў у кнiжнай шафе цэлую экспазiцыю са сваiх успамiнаў, кнiг, публiкацый, фотаздымкаў пра жыццё, якое пад­носiла такiя вострыя сюжэты-вiражы, што цалкам можна было б зняць поўнаметражны кiнафiльм.

— Я з вёскi Цярэшкi Лепельскага раёна Вiцебскай вобласцi. Мамы не стала, калi мне было сем. Наогул не памятаю сябе маленькiм... Жыў у цёткi, працаваў у вёсцы разам з дарослымi, — успамiнае Уладзiмiр Яфiмавiч. — Потым паехаў з бацькам у Оршу, дзе скончыў 7 класаў. Памятаю, тата купiў мне новыя чаравiкi, якiя я насiў, задраўшы нос. I якое было гора, калi падрапаў iх сучком у лесе! Не ведаў яшчэ тады, што гэта быў яго апошнi падарунак.

У сонечны 22-i дзень чэрвеня 1941 года хлопчык збiраўся з бацькам на рыбалку, а пачалася вайна. Немцы бамбiлi Оршу. Падчас эвакуацыi з горада Парабковiчы трапiлi пад бамбёжку. Страшная карцiна назаўсёды ўрэзалася ў памяць:

— Неба пачарнела ад самалётаў, а на зямлi — забiтыя. Блiзка праляцеў самалёт. Бацька мой таксама ўпаў i не падняўся. Здавалася мне, што ён проста спiць, а мяне тады кантузiла... Шмат дзён я адчуваў, што ён жывы i мяне дагонiць, прачынаўся ноччу ад яго голасу…


Уладзiмiр Парабковiч пасля вучобы ў Салавецкай школе юнг, 1943 год.

Так падлетак застаўся сiратой. Iшоў пешшу, ехаў у таварняках на ўсход, зноў трапляў пад бамбёжкi. Уладзiмiр Яфiмавiч успамiнае тыя жудасныя днi:


— Сумняваюся, цi застаўся б я жывы, калi б не сустрэлася на маiм шляху шмат добрых людзей. На адной станцыi Тамбоўшчыны з цягнiка мы, брудныя абадранцы, кiнулiся ў пошуках ежы. Адна жанчына, цётка Поля, аддала мне дзве вараныя бульбiны i забрала мяне, зусiм хворага, да сябе. Выхадзiла, прапанавала застацца, але я сышоў. Вельмi хацеў трапiць на фронт, каб адпомсцiць за бацьку.

Валодзя трапiў у дзiцячы дом № 25 горада Мелекеса Куйбышаўскай вобласцi. Некалькi разоў з таварышамi ўцякаў на фронт, але яго лавiлi i вярталi назад. Але «не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло». На ваенна-марскi шлях хлопчыка накiраваў выпадак. У лесе пры нарыхтоўцы дроў для дзiцячага дома ён пашкодзiў палец рукi i трапiў у палiклiнiку. Каля гаркама марак расклейваў аб’явы аб наборы ў школу юнг на Салаўках. Валодзя з цiкаўнасцi падышоў да яго, напiсаў заяву, прайшоў медкамiсiю... Так i трапiў хлопец у юнгi, а потым — у флоцкi экiпаж.

«Не дрэйфуючы па жыццi»

Флот Савецкага Саюза ў пачатку вайны меў вострую патрэбу ў кадрах. У вераснi 1941 года пачалiся жорсткiя баi за Севастопаль, i абстаноўка на Балтыйскiм i Чорным морах стала вельмi напружанай. Базай навучання ваенных маракоў для ўсiх савецкiх флатоў стаў Вучэбны атрад Паўночнага флоту на востраве Вялiкi Салавецкi ў Белым моры. Пры iм i была сфармiравана Салавецкая школа юнг.

Худзенькага Валодзю пераапранулi ў флоцкую форму, з цяжкасцю падабраўшы патрэбны памер. Эмоцыi хлопца былi на мяжы:

— Калi ўбачыў сябе ў форме, быў на сёмым небе ад шчасця. Вучэбныя буднi на Салаўках праходзiлi цяжка. Нам трэба было пабудаваць школу з нуля, зрабiць уручную зямлянкi да першых замаразкаў. Днi напралёт капалi камянiсты грунт, спiлоўвалi дрэвы, карчавалi пнi... У кароткiх перапынках бегалi ў лес па ягады, мылiся ў возеры... Заняткi пачалiся 1 верасня 1942 года, потым нас перавялi ў будынак манастыра, дзе ўмовы пасля зямлянак здалiся раем.

Першы баявы паход

Праз год юнга атрымаў пасведчанне аб заканчэннi школы з адзнакай i папрасiў, каб яго накiра­валi на Чарнаморскi флот. Так ён трапiў на эскадраны мiнаносец «Сообразительный» i стаў карабельным электрыкам. Дарэчы, на рахунку слаўнага экiпажа да канца вайны было 40 смелых канвойных i дзевяць дзёрзкiх набегавых аперацый, каля 300 адбiтых атак варожай авiяцыi, таму што ў «Сообразительного» быў мудры камандзiр. З Сяргеем Варковым, якi пазней атрымаў званне контр-адмiрала, кара­бель прайшоў 63 000 вогненных марскiх мiль.

Што дзiўна, карабель заўсёды знахо­дзiўся ў самым пекле бiтваў, але не атрымаў нiводнай прабоiны. На Чарнаморскiм флоце нават iшла пагалоска пра яго «загаворанасць». Але Уладзiмiр Яфiмавiч тлумачыць:


— Справа не ў магii i не ў цудах. Усё дасягалася за кошт цвёрдай дысцыплiны i ведання сваiх абавязкаў. Iснуе асаблiвая флоцкая роўнасць перад смерцю: альбо ўся каманда гiне, альбо ўся застаецца ў жывых...
 

Знакамiты чарнаморскi эсмiнец «Сообразительный».


Аднойчы эсмiнец павiнен быў выявiць i атакаваць падводную лодку працiўнiка. Наш юнга стаяў на баявым пасту:

— Чую раптам моцныя выбухi. Карабель нахiлiўся. Пачуў з перагаворнай трубы, што знiкла электрычнасць, не працуюць многiя прыборы. Разважаць не было калi, мяне праняло халодным потам. Iмгненна сарыентаваўся, знайшоў непаладку i лiквiдаваў яе. Аказалася, што з-за выбухаў адышлi ад гнёздаў засцерагальнiкi i выбiла адзiн з аўтаматаў на электрашчыце.

Ад камандзiра карабля перад усiм строем беларус атрымаў тады першую падзяку.

Мiр на зямлi — гэта шчасце

Уладзiмiр Яфiмавiч i да канца Вялiкай Айчыннай вайны нёс баявыя вахты на «загавораным» эсмiнцы. У 1945 годзе ён стаў камандзiрам аддзялення, замянiўшы сваiх старэйшых таварышаў. Дзень Перамогi сустрэў у Севастопалi. Ужо пазней даведаўся, што родныя землi былi акупiраваныя немцамi, што абодва яго дзядзькi ваявалi ў партызанскiм атрадзе.

Бачу, як усхваляваўся мой суразмоў­ца падчас маналога аб мiрным жыццi:

— Пасля дэмабiлiзацыi вярнуўся на радзiму, уладкаваўся на Мiнскi пенiцылiнавы завод, жыў у дзядзькi. Восенню 1951 года ва Уздзе Мiн­скай вобласцi пайшоў працаваць намеснiкам дырэктара МТС па палiтыч­най частцы. А ў 1952 годзе сустрэў выдатную дзяўчыну-доктара Машу Колас. Так у мяне, сiраты, з’явiлася сапраўдная сям’я. Разам з жонкай выхавалi дачку Алу, дружна пражылi i нават брыльянтавае вяселле адзначылi, але, на жаль, ужо сем гадоў Марыi Васiльеўны няма са мной.

Завочна Уладзiмiр Яфiма­вiч скончыў Iнстытут народнай гаспадаркi iмя Куйбышава, займаў адказныя пасады, у тым лiку намеснiка старшынi Уздзенскага райвыканкама. Потым давялося сысцi на пенсiю — з-за пагаршэння здароўя.


 
Фота Вiталя Пiваварчыка i з архіва героя