Сваё жыццё звязаў з морам

 

Нямногія нашы землякі звязваюць сваё жыццё з морам. А вось Іван Сямёнавіч Васілевіч з Дабеі яшчэ з дзяцінства трызніў морам – яго шумнай стыхіяй і бурлівай плынню. І калі праходзіў медкамісію перад тэрміновай ваеннай службай, выказаў сваё жаданне быць мараком.

І да яго прыслухаліся – хлопец быў залічаны ў “каманду-120” – на ваенна-марскі флот. Адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым, калі трапіў у навучальны атрад падводнага плавання ў Кранштаце. Як выдатніку ваеннай службы, нашаму земляку далі накіраванне ў ваенна-марское вучылішча, якое знаходзілася ў Севераморску. Вось так дабейскі хлопец звязаў сваё жыццё з морам.

“Я служыў на Паўночным флоце, – расказаў Іван Сямёнавіч.  – 18 гадоў хадзіў у мора на атамных падводных лодках трох пакаленняў. Базіраваліся мы на Баранцавым моры, але выходзілі і ў Атлантычны, Індыйскі, Ціхі акіяны. На ваеннай службе здаралася рознае. Аднойчы, напрыклад, падводная лодка нахілілася і ледзь не пайшла на дно. Але ніякай панікі не было – кожны строга выконваў свае абавязкі. Думаю, менавіта таму мы і ўратаваліся”.

Іван Васілевіч па спецыяльнасці быў хімікам-санінструктарам, адказваў на падводнай лодцы за радыяцыйную бяспеку экіпажа, ачыстку паветра ў адсеках, за рэгуляванне кіслароду – маракі і пад вадой павінны дыхаць гэтак жа вольна, як і на зямлі. Разам з тым Іван Сямёнавіч выконваў абавязкі фельчара і медбрата. Здаралася, дапамагаў ваеннаму доктару, што служыў на падводнай лодцы, рабіць маракам тэрміновыя аперацыі.

Сярод мноства медалёў, якія ўпрыгожваюць грудзі  былога мічмана, ёсць тры крыжы “За службу Радзіме” і ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. Іван Сямёнавіч кажа, што гэтыя і іншыя ўзнагароды ён атрымаў за баявыя заслугі. За якія канкрэтна – расказваць нельга, бо ваенныя сакрэты не выдаюць.

На днях І. С. Васілевіч, які вось ужо больш за дваццаць гадоў жыве ў бацькоўскім доме ў Дабеі разам са сваёй жонкай Нінай Паўлаўнай, адзначыў 70-годдзе. З падарункамі і цёплымі словамі да юбіляра завіталі старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксандр Аляксеенка і загадчыца Дабейскай бібліятэкі Ала Бубен (яна ж старэйшына вёскі). Да віншаванняў далучыліся родныя, блізкія і сябры. Усе жадалі юбіляру доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №22 ад 20.03.2018 г.