Контр-адмірал з Асіповіччыны

Осиповичи Online. Асiповiцкi край15.05.2014

7 мая, напярэдадні Дня Перамогі, у аграгарадку Лапічы адбылася ўрачыстая падзея — адкрыццё памятнай дошкі ў гонар земляка Мікалая Піліпавіча Зайца.

Яна ўстаноўлена на доме, дзе нарадзіўся і вырас будучы ваеначальнік, па ініцыятыве ўнука Канстанціна Калегава, які жыве ў Маскве і кіруе грамадскім аб’яднаннем “Славянскае брацтва”. Дапамагалі ажыццявіць ідэю па ўшанаванні памяці яго дзеда мясцовая і раённая ўлады.

осиповичи контр-адмирал Заяц 02

На мітынгу прысутнічалі родныя контр-адмірала, у тым ліку і Канстанцін Аляксеевіч з сястрой Таццянай, траюрадныя пляменніцы Зоя Мініч і Кацярына Кляпіцкая. Дарэчы, апошняя — гаспадыня дома, дзе ўмацавалі мемарыяльную дошку. Прыйшлі на ўрачыстасць і школьнікі, суседзі, прадстаўнікі арганізацый, размешчаных у аграгарадку.

…Гучыць гімн краіны. Права адкрыць сімвал ўшанавання знакамітага чалавека даецца Канстанціну Калегаву і ваенкаму раёна палкоўніку Мікалаю Гоману.

осиповичи контр-адмирал Заяц 03осиповичи контр-адмирал Заяц 05

Хвіліна маўчання. Да пліты ўскладваюцца кветкі. У выкананні вучаніцы Лапіцкай школы Лізаветы Заяц гучыць цудоўная песня…

осиповичи контр-адмирал Заяц 04осиповичи контр-адмирал Заяц 05осиповичи контр-адмирал Заяц 06

Прыемна, што не губляецца сувязь пакаленняў. Галоўнае, не быць абыякавым да лёсу роднай зямлі, расці дастойнымі нашчадкамі легендарнага пакалення пераможцаў — такі лейтматыў у выступленнях арганізатараў і гасцей мерапрыемства. І справядліва тое, што памяць пра гераічных людзей, якіх узгадавала асіповіцкая зямля, ушаноўваецца і беражна захоўваецца.

Даведка “АК”

Мікалай Заяц нарадзіўся ў снежні 1885 года ў Лапічах. З 1908 — матрос Балтыйскага флоту. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне — быў артылерыйскім старшыной, кананірам на крэйсеры “Асілак” (1914-1917). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі камандаваў кананерскай лодкай “Чырвоны Сцяг”. У гады грамадзянскай вайны (люты-май 1918 г.) удзельнічаў у Лядовым паходзе па перабазіраванні караблёў Балтыйскага флоту з Рэвеля (Таліна) і Гельсінфорса (Хельсінкі) у Кранштат, потым камандаваў батарэяй форта “Чырвонафлоцкі” ў Шлісельбургскай крэпасці. У 1925 г. закончыў Вышэйшыя камандныя курсы. Быў камандзірам “пераходнага перыяду”, калі старых афіцэраў з дастатковымі ведамі на флоце было мала, а новых выхадцаў з народу, якія атрымалі добрую ваенна-марскую адукацыю, яшчэ не хапала. Заяц камандаваў крэйсерам “Вароўскі”, эсмінцам “Ленін”. З Балтыкі ў 1932 г. быў пераведзены камандзірам крэйсера “Чырвоны Каўказ” на Чорнае мора. У 1932-1935 гг. карабель быў лепшым на Чарнаморскім флоце.

У 1933 г. крэйсер наведаў Турцыю, Грэцыю, Італію. У 1939 “Чырвоны Каўказ” прызналі лепшым караблём Ваенна-Марскога флоту СССР.

У 1940 г. у ліку першых звання “контр-адмірал” быў удастоены і Мікалай Піліпавіч Заяц. Ён камандаваў брыгадай крэйсераў.

Вялікую Айчынную зямляк сустрэў на пасадзе намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам па тыле. З 1941 г. ён старшыня камітэта па абароне Севастопаля. Кіраўніцтва тылам ажыццяўлялася з г. Туапсэ, дзе знаходзіўся штаб.

З красавіка 1942 г. у ліку першых на флоце крэйсер “Чырвоны Каўказ” стаў гвардзейскім, у чым заслуга і былога камандзіра.

Са жніўня 1942 г. і да канца вайны М.П.Заяц узначальваў пастаянную камісію караблёў пры Наркамаце Ваенна-Марскога флоту СССР.

Узнагароджаны ордэнам Нахімава І ступені, двума ордэнамі Леніна, трыма — Чырвонага Сцяга, многімі медалямі.

Памёр 16 снежня 1949 г. Пахаваны на Новадзявочых могілках.