Подводник Виктор Лихтарович проплывал через Бермудский треугольник

30.03.2010

ЛИХТОРОВИЧ Виктор Иванович

 

У савецкі час тэрміновая служба ў арміі не была абмежавана такімі цеснымі, як цяпер, тэрытарыяльнымі межамі. Многія беларускія хлопцы служылі на сопках Далёкага Усходу, у казахстанскіх стэпах, на мангольскай граніцы. І цяпер з задавальненнем расказваюць пра гэта сваім дзецям і ўнукам.

Жыхар Пружан Віктар Ліхтаровіч выконваў свой воінскі абавязак на Паўночным флоце, у якасці падводніка. Хто мог падумаць, што юнак з Жагалоў, дзе адзінай воднай прасторай з’яўлялася невялікая сажалка на ўскрайку вёскі, будзе баразніць акіян?

У вучэбным цэнтры горада маракоў Кранштадце Віктар атрымаў спецыяльнасць дазіметрыста. Гэта адбылося ў 1967 годзе. Што такое «атамныя рэактары» і «вымераць дозу» юнак упершыню пачуў менавіта тут, у вучэбцы. Такія звышсакрэтныя ваенныя аб’екты, як атамныя падводныя лодкі, тады яшчэ толькі пачалі з’яўляцца на ўзбраенні савецкага Ваенна-марскога флоту.

Віктар Іванавіч і цяпер памятае ўражанні ад першай сустрэчы з падлодкай. Адбылося гэта ў доку Кольскага заліва. Пяціпавярховая будыніна даўжынёй у 150 метраў уразіла сваёй велічнасцю. Як потым аказалася, не менш уражвала і яе баявая магутнасць: падлодка з атамнымі рэактарамі была аснашчана балістычнымі ракетамі.

Калі набіралі экіпаж, Віктар у ліку 150 падводнікаў сам вызваўся служыць у яго складзе. Першы паход у Атлантычны акіян адбыўся ў 1970-ым годзе. Юнак упершыню развітаўся з зямлёй на цэлыя тры месяцы.

— Служба аказалася нялёгкай,— расказвае Віктар Іванавіч.— Замкнутая прастора. Пастаянна адна і тая ж работа. Адны і тыя ж людзі побач. Кропак, маючых сувязь з нашай падлодкай, было шмат па розных гарадах. Але зно-сіны з роднымі здараліся вельмі рэдка…

Тым не менш, пасля двух гадоў тэрміновай службы Віктар застаўся на звыштэрміновую. За 12 з паловай гадоў ён удзельнічаў у пяці такіх паходах. Акрамя таго, безумоўна, было і шмат кароткатэрміновых выхадаў у мора — на двое-трое сутак.

За гэты час Віктар Іванавіч шмат чаго пабачыў на свеце. Не з кніг і кінастужак ведае, што такое Баранцава (вядомая падлодка «Курск» выходзіла ў плаванне менавіта з іх базы), Карыбскае, Саргасава моры, плаваў да Афрыкі, на экватар, праз Бермудскі трохвугольнік, да Амерыкі, Кубы… З яго ўдзелам савецкія падводнікі пракладвалі сабе шлях да Амерыкі праз Паўночны полюс. На полюсе падлодцы было дазволена рэдкае ў такіх выпадках свята — усплыць. Увесь экіпаж выйшаў на палубу.

— Якія ўражанні? Надзвычай свежае паветра! Гэта немагчыма перадаць словамі,— успамінае Віктар Іванавіч.

Пра сваю службу ён можа расказваць суткамі. Як падлодка трапіла пад абстрэл, як ліквідоўвалі працяканне ў рэактары і пажар, запускалі з-пад вады ракеты…

 

Аднойчы выйшлі са строю абодва  кампрэсары Sullair (аўтаномнае жыццязабеспячэнне экіпажа), якія выпрацоўваюць з марской вады кісларод. Паветра з кожнай мінутай станавілася ўсё больш цяжкім, а падводнікі — падобнымі на сонных мух. Стварылася су-р’ёзная небяспека і для экіпажа, і для самой падлодкі. Камандзір выклікаў мічмана: «Давай, Іванавіч, паспрабуй!..»

Віктар Іванавіч не любіць пра гэта расказваць. Ён увогуле чалавек сціплы, нешматслоўны. Ну, паадкручваў-пазакручваў што трэба. І ўсё-такі запусціў тыя кампрэсары. Так, няпроста было: мучыла слабасць ад недахопу кіслароду, цесната, перашкаджала барада («Трэба ж было яе якраз адгадаваць!»)…

Але ён быў малады, выдатна тэхнічна падрыхтаваны, і падлодка засталася жыць. За гэты подзвіг у мірны час Віктар Ліхтаровіч быў адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Яго вочы быццам набраліся колеру тых мораў і акіянаў, дзе мерала мілі пад вадой родная «К-219». Відаць, нездарма так чакала любая Сонечка свайго падводніка! Перад тым, як Віктару падпісалі кантракт на звыштэрміновую службу, яны пажаніліся. Дзіма нарадзіўся, калі маладыя прыехалі ў Жагалы ў водпуск. Радзіма Юлі — пасёлак Гаджыева Мурманскай вобласці. Жэнькі — Севераморск.

На заслужаны адпачынак Віктар Ліхтаровіч пайшоў у 34 гады. Тады яму можна было выбіраць для пражывання любы горад, акрамя Масквы і Ленінграда. Але на сямейным савеце выбралі Пружаны, дзе жылі бацькі…

Пасля службы Віктар Іванавіч яшчэ доўгі час працаваў (ну, які пенсіянер з 34-гадовага мужчыны?):  загадчыкам гаспадаркі у санэпідстанцыі, слесарам па рамонту аўтамашын на станцыі тэхабслугоўваня, вадзіцелем у ПМК-21…

А начамі яму і цяпер, здараецца, сніцца, што час збірацца ў паход. І быццам бы ён ведае, што там будзе вельмі цяжка без зямлі і родных, але тым не менш сэрца ахінае невыказная асалода ад сустрэчы з магутным акіянам…