Насустрач морам-акіянам

Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»20.08.2015

Сёння Цэнтр юных маракоў з флатыліяй Брэста не з’яўляецца адзінай установай падобнага тыпу ў Беларусі. У Гомелі працуе Цэнтр юных маракоў і рачнікоў. Але гісторыя іх стварэння розная. Калі гомельскі цэнтр пачынаўся з гуртка і клуба, то брэсцкі — адразу з асобнай установы.

Ля вытокаў стварэння Цэнтра юных маракоў з флатыліяй Брэста, які дзейнічае з 1988 года, стаяў капітан другога рангу запасу Б.М.Рыхтар, які ў савецкі час служыў камандзірам пагранічнага вартавога карабля “Дзяржынскі”. Капітанамі запасу былі і наступныя кіраўнікі ўстановы: Р.А.Сырыца, М.М.Клім і У.В.Бяшанаў.
— Цэнтр ствараўся з мэтай развіцця творчых здольнасцей, задавальнення інтарэсаў, арганізацыі вольнага часу і прафарыентацыі школьнікаў, якія цікавяцца марской справай, — расказвае дырэктар установы М.П.Ярмашук. — У цэнтры працуюць 92 аб’яднанні па інтарэсах, дзе бясплатна займаюцца больш за 1,1 тысячы вучняў. Дружны калектыў складаецца з педагогаў, якія захоплены любімай справай і ўмеюць перадаць гэтае захапленне выхаванцам. Лепшыя з іх атрымліваюць рэкамендацыі для далейшага навучання ў вышэйшых марскіх установах адукацыі Санкт-Пецярбурга, Калінінграда і Мурманска (за апошнія гады іх курсантамі сталі больш за 20 брэстаўчан). І нават калі не ўсе выпускнікі цэнтра стануць прафесійнымі маракамі, загартоўка і веды, атрыманыя ў ім, абавязкова спатрэбяцца ў далейшым жыцці.
У цэнтры дзейнічаюць 2 аддзелы (марскі і вылічальнай тэхнікі), вялікая флатылія і музей. Марскім аддзелам загадвае У.В.Луцкевіч. Пад яго кіраўніцтвам працуюць вопытныя педагогі. У 54 аб’яднаннях аддзела займаецца больш за 630 дзяцей. Работа з імі пабудавана на вывучэнні марской справы, гісторыі флоту, выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму.
У аддзеле працуюць гурткі “Юнга”, “Марская біялогія”, “Марское мнагаборства”, “Краязнаўства і асновы марскіх ведаў”, “Экалогія з асновамі марскіх ведаў”, “Арганізатары масавых спраў”, “Акварэль” і “Палітра”, вакальныя ансамблі “Пунсовыя ветразі” і “Марская душа”, танцавальныя ансамблі “Вясёлы вецер” і “Яблычак”, “Юны інспектар дарожнага руху”, “Юны карэспандэнт” і “Умелыя ручкі”. Падчас заняткаў у іх хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць гісторыю мараплавання, сучасныя судны і абсталяванне, такелажную справу, асновы зрокавай сувязі і сігналізацыі, марскую шлюпку і асновы суднаваджэння. Для тэарэтычных заняткаў ёсць спецыяльныя памяшканні навігацыйнай пракладкі, суднаваджэння, юнага марака і гісторыі флоту, аснашчаныя неабходнай тэхнікай і нагляднымі дапаможнікамі.
Аддзел вылічальнай тэхнікі, якім загадвае Л.Ф.Шыманская, складаецца з 21 аб’яднання па інтарэсах: “Інфарматыка і асновы марской справы”, “Юны інфарматык”, “Лічбавы фотаздымак”, “Вэб-канструяванне”, “Камп’ютарная графіка” і інш. Іх дзейнасць накіравана на павышэнне камп’ютарнай дасведчанасці школьнікаў, развіццё інтарэсу дзяцей да камп’ютарнай тэхнікі і навейшых ІТ-тэхналогій.
У складзе аддзела 2 сучасныя камп’ютарныя класы, дзе створаны належныя ўмовы для прадукцыйнай дзейнасці. Дзеці вывучаюць асновы работы на камп’ютары, аперацыйныя сістэмы, праграмныя прадукты, графічныя рэдактары, асновы вэб-дызайну і флэш-анімацыі. Штогод аддзел праводзіць конкурсы знаўцаў персанальных камп’ютараў і камп’ютарных дызайнераў.
Сапраўдным гонарам цэнтра з’яўляецца ўласная флатылія, работу якой каардынуе намеснік дырэктара па флоце і базіраванні М.М.Клім. У склад флатыліі, размешчанай у маляўнічым месцы на беразе Мухаўца, уваходзяць буксіроўшчык “Алег Альхоўскі”, цеплаход “Фрост”, катар “Арыён”, парусна-маторная яхта “Дэльфін”, мотабот “Пегас”, 4 шлюпкі Ял-6 і плаўбаза “Юнга”. Побач з флатыліяй знаходзяцца футбольная і валейбольная пляцоўкі, дзе летам гуляюць выхаванцы цэнтра.
Музей, які ўзначальвае К.М.Чарнушкіна, быў заснаваны ў 1989 годзе. У музейнай экспазіцыі размешчаны некалькі тэматычных стэндаў і вітрын з цікавай інфармацыяй: “Гісторыя Цэнтра юных маракоў”, “Паход “Памяць”, “Нашы выпускнікі”, “Жыхары марскіх глыбінь”, “Гісторыя мараплавання”, “Навука акіяналогія”, “Свет рэк і вадаёмаў” і “Маракі Беларусі”. У музеі можна азнаёміцца з калекцыяй марскіх вузлоў, прадстаўнікамі флоры і фаўны марскіх глыбінь.
Музейная экспазіцыя змяшчае і шэраг прыбораў, якія выкарыстоўваюцца на флоце: секстант (вугламерны інструмент, прызначаны для вымярэння вышыні свяцілаў, гарызантальных і вертыкальных вуглоў паміж берагавымі арыенцірамі), пратрактар (для вызначэння месца карабля па пеленгах на маякі), зорны глобус (для падбору зорак пры вызначэнні месца судна), ІДА-59 (індывідуальны дыхальны апарат, які выкарыстоўваецца для эвакуацыі экіпажаў падводных лодак). У музеі ёсць таксама макеты парусніка і атамнай падводнай лодкі.
У цэнтры працуе “Кают-кампанія”, куды ўваходзяць ветэраны флоту і выкладчыкі. Яны арганізоўваюць рэгулярныя сустрэчы з дзецьмі, падчас якіх гутараць на розныя тэмы, што тычацца важных марскіх дат, жыцця флатаводцаў і інш.
На працягу года ў цэнтры ладзіцца шмат цікавых і запамінальных мерапрыемстваў, тэматычных гульнявых праграм, у якіх актыўна ўдзельнічаюць бацькі выхаванцаў. Штогод праходзяць водна-турыстычныя паходы “Рачныя рабінзоны” і “Памяць”. Паход “Памяць” арганізаваны па мясцінах баявой славы. Яго ўдзельнікі рухаюцца па маршруце Брэст — Пінск — Брэст і падчас прыпынкаў ускладаюць кветкі да воінскіх пахаванняў, даглядаюць магілы салдат, загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі і ветэранамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.