Старадаўні якар знайшлі на дне Сожа крычаўскія краязнаўцы.

17.11.23г.

 

Некалькі гадоў пры сярэдняй школе № 1 Крычава дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”. Галоўная яго мэта — зафарбоўванне белых плям крычаўскага мінулага, збор ілюстрацый, якія паказваюць хараство гісторыі роднага краю.

Для гэтага перыядычна праводзяцца пошукавыя экспедыцыі пад апякунствам кіраўніка аб’яднання. Падчас адной з іх, пры апытанні старажылаў прыбярэжных вуліц, жанчына, якая пражывае там яшчэ з даваеннага часу, падзялілася інфармацыяй пра тое, што недалёка ад яе сядзібы за 15—20 метраў ад берагавой лініі ракі Сож “ляжыць нейкая жалязяка”. І памятае яна пра “жалязяку” яшчэ з дзяцінства, калі маленькай дзяўчынкай купалася ў рэчцы. Удзельнікі экспедыцыі вырашылі праве­рыць атрыманую інфармацыю. У выніку з заглеенага дна ракі ўдалося падняць старадаўні якар. Удача ў пошуках усміхнулася актывісту аб’яднання па інтарэсах Уладзіславу Мяшкову.

Артэфакт зацікавіў юных краязнаўцаў і прадвызначыў цэлы цыкл даследаванняў, практычных і тэарэтычных работ. Дзякуючы таму, што якар ляжаў на рачным дне пад плас­том глею, доступ кіслароду да яго быў абмежаваны. Таму ён нечакана добра захаваўся — карозія амаль не закранула метал. Тым не менш давялося скрупулёзна ачышчаць якар ад старонніх рэчываў і розных мінеральных нарастаў. Былі задзейнічаны шчоткі, шпаталі і электрадрыль з насадкамі рознай жорсткасці. Затым быў выкарыстаны монаэтылавы эфір этыленгліколю, які дазволіў больш дасканала ачысціць паверхню якара. Пасля гэтага пры дапамозе пэндз­ля быў нанесены спецыяльны кансервант — эпаксідны лак ЭП-298. Артэфакт быў надзейна захаваны для нашчадкаў, пастаўлены на ўлік у школьным музеі.

Пачаўся тэарэтычны этап даследа­вання якара і ўсяго, што можа быць звязана з ім. У вы­ніку была сістэматызавана вя­лікая колькасць інфармацыі, якая мае дачыненне да класіфікацыі рачных, марскіх суднаў і іх будовы. Прааналізаваны значны пласт матэрыялаў па гісторыі суднаходства і суднабудаўніцтва ў Крычаве. Акрамя таго, атрымана прафесійная кансультацыя жыхара Крычава, у мінулым марака, капітана ІІ рангу Паўночнага флоту Ігара Іванавіча Смірнова.

Юныя даследчыкі імкнуліся сфарміраваць комплекснае ўяўленне не толькі пра час выкарыстання, канструкцыю і прызначэнне якара, але і пра іншыя падрабязнасці, звязаныя з будаўніцтвам і выкарыстаннем суднаў у Крычаве. У якасці гіпотэзы выказана меркаванне, што ўжо ў канцы XVIII ст. суднаходства ў Крычаве знаходзілася на высокім узроўні, актыўна выкарыстоўваліся і нават будаваліся судны рознага прызначэння і тыпаў. Для доказу гэтай гіпотэзы право­дзіліся комплексныя даследаванні, звязаныя з гісторыяй Крычава XVIII ст., ажыццяўлялася супрацоўніцтва з мясцовым края­знаўчым музеем, вывучаліся гістарычныя крыніцы, вялася работа ў інтэрнэт-прасторы…

У выніку было высветлена, што адной з вядучых вытворчасцей у Крычаве ў канцы XVIII ст. была суднаверф, якая афіцыйна пачала дзейнічаць у 1785 годзе. Стваралася яна не на пустым месцы, будаўніцтва рачных суднаў у нашым краі ажыццяўлялася здаўна. Але з ростам перавозак сыравіны і гатовай прадукцыі для патрэб расійскага Чарнаморскага флоту суднабудаўніцтва ў Крычаве атрымала новае развіццё. Захаваўся акварэльны малюнак Крычава 80-х гадоў XVIII ст. мастака М.Іванова. На стромкіх узгорках правага берага ракі Сож узвышаюцца сцены і вежы замка, ратуша, храмы, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Добра бачна суднаверф са шпілем, на якім усталявана фігурка карабля.

У апісанні Крычаўскага стараства 1786 года, што было складзена галандскім картографам і інжынерам Анд­рэем Меерам, прыводзяцца звесткі аб мясцовай верфі як “о значительном предприятии с доком, мастерскими, складами, чертежной, магазинами и прочим”. На верфі будаваліся галоўным чынам грузавыя судны “байдакі”, малыя галеры і інш. Былі пабудаваны дзясяткі парусных і вяслярных суднаў для выкарыстання на Сожы, Дняпры і Чорным моры.

Падводная знаходка была датавана, апісана і класіфікавана: гэта якар-кошка канца XVIII ст., якарок на чатырох лапах, шырока распаўсюджаны на суднах і лодках. Найбольш эфектыўна выкарыстоўваўся на маламерных суднах. Якар-кошка вагой 12—15 кг лічыцца дастатковым для ўтрымання суднаў водазмяшчэннем 0,8—1,0 т.

Якар-кошка займае ключавое месца ў экспазіцыі “Гісторыя нашага краю”, якая мае асаблівае метадычнае значэнне: выкарыстоўваецца пры правядзенні ўрокаў па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, беларускай літаратуры, геаграфіі, а таксама ў пазакласнай (выхаваўчай) рабоце.

Пачэснае месца якара ў музеі цалкам апраўдана, бо знаходка адлюстроўвае адзін з найбольш бліскучых перыядаў у гісторыі Крычава — перыяд эканамічнага і культурнага ўздыму, калі ў горадзе працавалі шматлікія мануфактуры, а караблі, пабудаваныя ў Крычаве, рассякалі воды Чорнага мора. Некалі наш горад быў не толькі буйным рачным портам, але і самым значным ва ўсёй Беларусі вузлом караблебудавання!

 

Андрэй КУЗЬМІН,

настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 Крычава

Фота аўтара

В источнике: https://nastgaz.by/staradauni-yakar-znajshli-na-dne-sozha-krychauskiya-krayaznautsy/