Юнга з Салавецкіх астравоў

29.07.2013

"Ужо на другім годзе вайны флот адчуваў востры недахоп добра абучаных спецыялістаў. Бо тыя, хто загінуў, былі мінёрамі, радыстамі, рулявымі, гальванёрамі, оптыкамі і электрыкамі..." Гэтыя радкі ўзяты з кнігі Валянціна Пікуля "Хлопчыкі з банцікамі". Сам пісьменнік 14-гадовым падлеткам трапіў у далёкім 1942 годзе ў толькі што створаную школу юнгаў. Месцілася яна на сумна вядомых Салавецкіх астравах. Да нашых дзён дажылі лічаныя людзі з таго першага выпуску школы. Адзін з іх — наш зямляк, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Лазарчук.

Соловецкий юнга ЛАЗАРЧУК Константин Петрович

Насамрэч, з ім завочна знаёмыя многія жыхары і госці Мінска. Калі ў Беларусі святкавалася 60-годдзе Перамогі, то выява бывалага марака была змешчана на шматлікіх гарадскіх рэкламных стэндах. У кватэры ж ветэрана створаны сапраўдны марскі куток. Прасторны пакой упрыгожвае вялікі партрэт заснавальніка расійскага флоту Пятра І. На сцяне вісяць рэпрадукцыя "Дзявятага вала" Айвазоўскага, шматлікія карабельныя вымпелы, паменшаная копія штурвала, фотаздымкі паруснікаў...

— На мора я трапіў з-за збегу абставін, — расказвае ветэран. — Нарадзіўся ж я ў Самахвалавічах, што пад Мінскам. А ў дваццаць восьмым годзе, калі мне было ўсяго два гады, мы пераехалі ў далёкі Сталінград. Бацька мой знайшоў працу на тамтэйшым трактарным заводзе. Хацеў пайсці па яго слядах і я. Скончыў сямігодку, фабрычна-заводскае вучылішча і толькі ўладкаваўся на завод электрыкам, як грымнула вайна. Амаль год усе хлопцы з завода прасіліся на фронт. І я таксама. Але куды пашлюць пятнаццацігадовага юнака, у якога нават і пашпарта яшчэ не было?

У 1942-м пра яго ўспомнілі. Туга прыходзілася тады на вайне нашым флатам. Балтыйскаму, які ледзь прарваўся з Таліна ў Кранштат. Моцна цярпеў ад нямецкіх атак флот Паўночны, які не пускаў у савецкае Запаляр'е гітлераўскія падводныя лодкі і канваіраваў каштоўныя грузы, што ішлі з амерыканскага кантынента. Зацішша панавала толькі на Ціхім акіяне. Але было яно падобна да сядзення на парахавой бочцы — зусім побач Японія, якая адкрыта сімпатызавала нацыстам... Шмат маракоў склалі галовы ў першыя ваенныя месяцы. Над флатамі ўсур'ёз павіс дамоклаў меч з-за недахопу спецыялістаў. Таму паўстала пытанне — як жа ўкамплектаваць караблі? Наркам ВМФ адмірал Кузняцоў у маі 1942 года загадаў стварыць на Салаўках школу юнгаў. Планавалася, што праз год з яе выйдуць кваліфікаваныя боцманы, матарысты, рулявыя, радысты, артылерыйскія і тарпедныя электрыкі. Ахвотнікаў вучыцца сабралася шмат. Аднак многіх адбракавалі яшчэ на медкамісіі. Хлопцы без праблем праходзілі акуліста, неўрапатолага, але адсейваліся на праверцы вестыбулярнага апарату.

— Гэта цяпер усе ведаюць пра тое, што там раскручваюць крэсла, а пасля просяць устаць і назіраюць за тым, як ты сябе паводзіш. Але што пра гэта ведалі сухапутныя падлеткі? Праўда, я ўжыў тады ваенную хітрасць. Устаў, цела крыху цягне ў адзін бок, а я з усіх сіл гляджу ў процілеглы. Дактары нічога не заўважылі, а пасля да гайданкі неяк і прызвычаіўся.

Так двухсот сталінградскіх падлеткаў на параходзе павезлі па Волзе ў Яраслаўль. Цягніком адтуль даехалі да Архангельска, прайшлі там кантрольны агляд у медыкаў і ўжо адтуль на параходзе "Камсамолец" 1 верасня пераправіліся на Салаўкі. І літаральна на наступны дзень адкрыліся цікавыя рэчы — вучыцца ж не было дзе. Сотні хлопцаў, сабраных з усіх неакупаваных тэрыторый краіны, знайшлі прытулак у колішняй манастырскай турме. Недалёка ў лесе стаяў дамок, дзе размясцілася санітарная часць. У былой гасцініцы для пілігрымаў пасялілася начальства. Вось і ўся матбаза... Таму будучыя юнгі былі вымушаны будаваць школу для сябе самастойна. Хлопцы адразу пачалі валіць лес, карчаваць векавыя пні, капаць катлаваны, будаваць зямлянкі-кубрыкі... Моцна падціскаў час — маразы на астравах наступаюць ужо ў канцы кастрычніка.Соловецкий юнга ЛАЗАРЧУК Константин Петрович

— Мяне вучылі там майстэрству электрыка тарпедных апаратаў. Увогуле, будучую вайсковую прафесію нам падбіралі, кіруючыся нашым цывільным вопытам. Спецыяльнасць мая была вельмі адказнай. Уявіце сабе — на караблі шэсць тарпедных апаратаў, у кожны з якіх запраўлена металічная цыгара, дзе мінімум 120 кілаграмаў выбухоўкі. І ты пастаянна сочыш, каб уся электрыка ў гэтых машынах працавала спраўна. Калі што пойдзе не так, або тарпеду заклініць пры стрэле, або можа быць яшчэ горш... Не забываліся ў школе юнгаў і на выкладанне звычайных школьных прадметаў. Так мы спасцігалі адначасова мірную і ваенную навуку да кастрычніка сорак трэцяга. А пасля надышло размеркаванне. Мяне пакінулі на Поўначы.

Некалькі разоў Канстанцін Лазарчук удзельнічаў у канваіраванні гандлёвых судоў, якія везлі грузы з Брытаніі, Злучаных Штатаў і Канады ў паўночныя парты СССР. Аднак пра гэта ветэран гаворыць вельмі мала, бо бачыў не шмат — увесь час знаходзіўся на варце ля тарпедных апаратаў.

А незадоўга да канца вайны марака перавялі на ціхі акіян, на эскадраны мінаносец "Расторопный". Праўда, калі нашы ў жніўні 45-га аб'явілі вайну Японіі, зацяжных і моцных баёў на вадзе не было. Тэатр ваенных дзеянняў перанёсся тады ў Маньчжурыю. Хаця хапала працы і флоту. Канстанцін Лазарчук удзельнічаў у вызваленні Курыльскіх астравоў. Памятае ён і дэсант у порт Атамары (зараз — Корсакаў) на падзеленым тады на дзве паловы Сахаліне. Японскія прычалы ў Атамары савецкія маракі бязлітасна тарпедавалі. Раз-пораз з-за лініі гарызонта з'яўляліся і камікадзэ. Аднак нашы зенітчыкі спрацоўвалі на "выдатна" — ніводзін японскі самалёт так і не даляцеў да палубы карабля. Другая сусветная для ўраджэнца Самахвалавіч скончылася ва Уладзівастоку 3 верасня 1945 года.

 

— На жаль, маіх таварышаў застаецца ўсё менш, — дрыжыць голас у ветэрана, які гартае старэнькі альбом з фотаздымкамі сваіх саслужыўцаў і ваенных караблёў. — Два месяцы таму ў іншы свет адышоў апошні мой сябар са школы юнгаў, з якім мы прыехалі сюды пасля дэмабілізацыі ў 1950-м. Так што ў Мінску з першага салавецкага выпуску застаўся, пэўна, адзін я. Чуў, праўда, што нібыта ў Валгаградзе яшчэ жывуць некалькі маіх аднакашнікаў. Але пабачыць іх ужо наўрад ці змагу...

 

Валяр'ян ШКЛЕННІК

 

 

Канстанцін Пятровіч ЛАЗАРЧУК памёр ў 2016 годзе.