Музей стаў на якар

Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»06.12.2016

Марскі музей у сухапутнай школе — гэта магчыма, калі за справу бяруцца энтузіясты. Так, дзякуючы настойлівасці ветэранаў, якія служылі ў Ваенна-марскім флоце СССР, і разуменню дырэктара школы Уладзіміра Сямёнава таго, што музей стане важным элементам выхаваўчай работы, у лідскай сярэдняй школе № 10 з’явіўся цэнтр-музей “Ваенныя маракі Лідчыны”.

ДАВЕДКА. Па звестках Лідскага райваенкамата, у Ваенна-марскім флоце СССР праходзілі службу каля 300 ураджэнцаў Лідчыны. У 2009 годзе ветэраны-маракі зарэгістравалі раённую арганізацыю Беларускага саюза ваенных маракоў.

Грамадская арганізацыя адразу актыўна ўключылася ў жыццё горада, яе члены займаліся ваенна-патрыятычным выхаваннем, збіралі матэрыялы аб сваіх земляках, а таксама прадметы, якія мелі дачыненне да службы. І праз некаторы час паўстала пытанне аб стварэнні экспазіцыі, дзе б можна было паказаць усё гэта моладзі, расказаць аб ваеннай службе. Маракі звярнуліся да кіраўніцтва горада з просьбай выдзеліць для такой работы памяшканне. Для стварэння экспазіцыі была выбрана сярэдняя школа № 10.

ДАВЕДКА. Сярэдняя школа № 10 Ліды пабудавана ў 1937 годзе. Да гэтага заняткі з 1928 года вяліся ў прыстасаваным памяшканні. Пасля вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучоба ў школе пачалася 1 верасня 1944 года. Першы пасляваенны выпуск — 10 чалавек — адбыўся ў 1949 годзе. З 2005 года ў сярэдняй школе № 10 працуюць прававыя класы.

Вучні гэтых класаў і сталі сапраўднай апорай ветэранаў. Дапамагалі ім у рамонце памяшкання, арганізацыі экспазіцыі. Дарэчы, усе работы былі праведзены без прыцягнення знешніх грашовых сродкаў, самімі маракамі.

Урачыстае адкрыццё цэнтра-музея “Ваенныя маракі Лідчыны” адбылося ў лютым 2013 года. Першую экскурсію правёў капітан другога рангу старшыня Лідскага раённага грамадскага аб’яднання “Беларускага саюза ваенных маракоў” Міхаіл Гузееў.

— Назва “цэнтр-музей” з’явілася з уяўлення таго, што гэта будзе не проста выстава флоцкіх атрыбутаў, а цэнтр патрыятычнай работы з моладдзю нашай школы, а таксама горада і Лідскага раёна, застаючыся пры гэтым ваенным музеем маракоў Лідчыны, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч Сямёнаў. — У музеі праводзяцца не толькі экскурсіі, але і ўрачыстыя мерапрыемствы да Дня абаронцаў Айчыны і Дня Ваенна-марскога флоту, пасвячэнне ў члены піянерскай арганізацыі, БРСМ, класныя гадзіны.

За гады работы ў музеі пабывалі не толькі школьнікі Ліды і Лідскага раёна, але і прадстаўнікі прадпрыемстваў, госці з-за мяжы — Расіі, Польшчы, Літвы. Адбылося звыш 150 экскурсій. А паглядзець ёсць на што. У экспазіцыі — звыш 400 экспанатаў, раздзеленых на тэматычныя выставы: “Форма адзення ВМФ”, “Штурманскія прыборы караблёў ВМФ”, “Лідчына і гісторыя флоту”, “Хадзілі мы паходамі”. Прадстаўлена экспазіцыя аб мараках, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Ёсць і ўнікальныя экспанаты, напрыклад, фрагмент корпуса падводнай лодкі “Курск”, які перадалі ў музей маракі-падводнікі Паўночнага флоту.

Экспанаты трапляюць у музей рознымі шляхамі: асноўную частку перадалі лідскія ветэраны, цікавыя экспанаты хадавых частак караблёў пераслалі з Пінскага рамонтнага завода. Наладжваюцца кантакты з ваеннымі маракамі з Расіі. Вядзецца работа па падпісанні дагавора аб супрацоўніцтве з Музеем гісторыі падводных сіл Расіі імя Аляксандра Марынеска з Санкт-Пецярбурга.

Асаблівасць цэнтра-музея і ў тым, што многія экспанаты можна ўзяць у рукі, напрыклад, памераць бесказырку, чым абавязкова скарыстаюцца вучні малодшых класаў, і нават зробяць сэлфі. Правядуць тут і майстар-клас па вязанні марскіх вузлоў, вялікая калекцыя якіх прадстаўлена на адным са стэндаў. Дарэчы, экскурсіі праводзяць і ветэраны-маракі, і навучэнцы школы. Ну а тых, хто трапляе ў 10-ю школу і ў яе марскі музей упершыню, канечне, зацікавіць незвычайны экспанат, размясціць які ў сценах экспазіцыі было б вельмі цяжка, — сапраўдны карабельны якар перад уваходам у школу як сімвал таго, што цэнтр-музей тут надоўга і трывала.

Лілія ДАЙНЕКА,
метадыст Лідскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.