Ветераны-военные моряки Шумилинщины широко отметили День ВМФ

02 августа 2023 г.

Трываласць марскога братэрства

Раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз вайсковых маракоў» – адна з самых актыўных. У апошнюю нядзелю ліпеня ваенныя маракі адзначаюць Дзень Ваенна-Марскога Флоту, які праходзіць змястоўна і насычана.

Вось і сёлета 30 ліпеня святочныя мерапрыемствы па традыцыі пачаліся з ушанавання памяці капітана трэцяга рангу Анатоля Іспянкова, які загінуў 7 красавіка 1989 года па падводнай лодцы «Камсамолец», да канца выконваючы воінскі абавязак. Ваенныя маракі Шуміліншчыны наведалі могілкі ў вёсцы Язвіна, усклалі кветкі да помніка воінам-землякам у скверы Воінскай славы ў Шуміліне.

У шумілінскім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, які, дарэчы, лічыцца апекуном маракоў, благачыннаму протаіерэю Фёдару Пучынскаму ад імя раённай арганізацыі былі перададзены іконы святых, якія з’яўляюцца заступнікамі маракоў.

«Марское братэрства найбольш трывалае, бо выпрабоўваецца штодзень падчас службы на марскіх і акіянскіх прасторах, калі ад дзеянняў кожнага марака залежыць жыццё ўсяго экіпажа. Маракі маюць і цвёрдыя духоўныя асновы, якія могуць служыць прыкладам для ўсіх людзей», – адзначыў благачынны. Прысутныя памаліліся за тых, хто служыць на марах і акіянах.

Каля «Марскога каменя» на беразе Шумілінскага возера адбылося пастраенне маракоў, гасцей свята з урачыстым падняццем ваенна-марскога флага і гюйса. Сярод удзельнікаў мерапрыемства было шмат родных ваенных маракоў, іх сяброў.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза вайсковых маракоў Віктар Прыходзька павіншаваў ветэранаў ВМФ са святам і ўручыў юбілейныя медалі флатоў і грамадскіх арганізацый, граматы раённай арганізацыі актывістам за грамадскую работу, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.

Са святам ваенных маракоў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Як старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» яна адзначыла цеснае супрацоўніцтва з арганізацыяй ваенных маракоў па многіх кірунках дзейнасці і ўручыла Віктару Прыходзьку вітальны адрас і сувенір.

Да віншаванняў і ўзнагароджанняў далучыліся кіраўнікі раённых арганізацый ветэранаў Узброеных Сіл: Валерый Жандараў (Беларусі саюз афіцэраў), Аляксей Цімафееў (Пагранічнікі Шуміліна), Алег Коржаль (Шумілінскае Дэсантнае Братэрства), Мікалай Шчарбіцкі (Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане).

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць сяброў, якія пайшлі з жыцця, усклалі кветкі да «Марскога каменю» і мема-рыяльнай дошкі капітану другога рангу Анатолю Бычкову, заснавальніку раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў.

Музычныя нумары для ўдзельнікаў свята выканаў народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» Обальскай дзіцячай школы мастацтваў.

Для жадаючых на возеры былі арганізаваны прагулкі на яле пад ветразямі.

Ваенна-марскі флаг СССР – белае палотнішча з блакітнай паласой уздоўж ніжняга краю. На белым палотнішчы змешчаны чырвоная пяціканцовая зорка і перакрыжаваныя серп і молат чырвонага колеру.

Гюйс – насавы флаг карабля і флаг марскіх крэпасцей. Гюйс ВМФ СССР уяўляе чырвонае палотнішча, у цэнтры якога змешчана чырвоная зорка з белай акантоўкай. Унутры чырвонай зоркі ўпісаны перакрыжаваныя серп і молат белага колеру.

 

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

В источнике: http://www.shumilino.by/?p=73153