Яго назаўсёды забрала мора…

23 января, 2022 г.

Людзі старэйшых пакаленняў памятаюць трагедыю, якая адбылася з атамнай субмарынай «Камсамолец» у Нарвежскім моры 7 красавіка 1989 года. На яе борце былі тры беларусы, якім не пашчасціла выратавацца. Яны загінулі смерцю герояў, у тым ліку і ўраджэнец Мядзела Яўген Вяршыла, старшы матрос. Мяркую, нашым чытачам зусім не лішне больш падрабязна даведацца, якім ён хлопцам быў, чым запомніўся сваякам і равеснікам, чаму адна з вуліц райцэнтра носіць яго імя. Яўген рос звычайным хлопцам, нічым асаблівым у коле аднагодкаў не вылучаўся. Бегаў з вуліцы Шаранговіча, дзе жылі Вяршылы, у школу, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Як і дзве старэйшыя сястры Ірына і Аня, бо кожнаму з дзяцей былі акрэслены пэўныя абавязкі. Маці, Уладэліна Яфімаўна, працавала ў райспажыўсаюзе касірам, а тата, Эдмунд Феліксавіч, — у кантрольна-рэвізійным упраўленні, часта бываў у камандзіроўках. Пасля школы сёстры з невялікім інтэрвалам па часе закончылі ў горадзе Маладзечне політэхнічны тэхнікум. Ані больш падабалася прафесія тэхнолага хлебапякарнай і макароннай вытворчасці, а Ірыне — мукамольна-крупяной. Вырашыў не адставаць ад іх і Яўген. Разам з Міхаілам Падголам, з якім атрымалі школьныя атэстаты сталасці ў адзін год, узялі накіраванні на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм і паехалі ў Лепель паступаць на майстроў па асушэнні балот, пераўтварэнні пераўвільготненых мясцін ва ўрадлівыя палі. З атэстатамі аб сярэдняй адукацыі хлопцаў прынялі адразу на другі курс, выдзелілі месца ў інтэрнаце. Іх ложкі ў пакоі на другім паверсе стаялі побач, а на занятках сябры сядзелі за адной партай. І хаця ў тэхнікуме мелася неблагая і танная сталовая, ежу стараліся гатаваць самі, асабліва — вячэру. Было і такое: некаторыя юнакі, трапіўшы ў самастойнае жыццё, пачалі займацца рознай непатрэбшчынай: налягаць на піва, гуляць у карты… — Толькі не мы з Яўгенам, — успамінае Міхаіл Падгол. — Хаця вучоба і давалася яму лёгка, большую частку вольнага ад заняткаў часу Жэня праводзіў за кнігамі. Калі мне было штосьці незразумела, ён цярпліва растлумачваў, дапамагаў. Быў вясёлы і жыццярадасны. А тое, што Вяршыла не меў шкодных звычак, лічу, заслуга яго бацькоў. Навучэнцы групы паважалі яго як старасту за таварыскасць, добразычлівасць і дарослую самастойнасць. Мяркую, што ўжо ў той час ён па сваіх ведах быў гатовы да вучобы не толькі ў гідрамеліярацыйным тэхнікуме, але і ў акадэміі альбо ўніверсітэце… Не паспелі хлопцы закончыць другі курс, як ім пачалі ўручаць павесткі на службу ў Савецкую Армію. Першым яе атрымаў Міхаіл на 11 мая. Перад гэтым яму ў дырэкцыі дазволілі датэрмінова здаць экзамены, а потым на тры дні завітаць дадому, развітацца з роднымі. Разам з ім у Мядзел адпрасіўся і Яўген. Прамы аўтобус тады з Лепеля, як і цяпер, не хадзіў, сябры дабіраліся на папутках. З Даўгінава да Крывічоў іх падабраў вадзіцель грузавіка, ехалі ў кузаве. Нечакана лупануў добры дождж, хлопцы прамоклі да ніткі, а каб было весялей, усю дарогу спявалі песні: «По долинам и по взгорьям», «Вихри враждебные веют над нами…» На службу Міхаіл трапіў у Маскву, і з тае пары абменьваўся з Яўгенам пісьмамі. Той спакойна закончыў другі курс, здаў экзамены, перайшоў на трэці. Аднак у верасні таксама атрымаў павестку, яго чакала служба на Паўночным флоце. — Калі пачуў, што Яўген стаў падводнікам, — распавядае Міхаіл Падгол, — то здзівіўся. Справа ў тым, што ён не ўмеў плаваць. Дом маіх бацькоў знаходзіўся па вуліцы Міру ў Старым Мядзеле, практычна на беразе возера Мястра. І колькі ні спрабаваў навучыць яго плаваць, нічога ў мяне не атрымалася.матрос ВЯРШЫЛА Яўген ЭдмундавічНапачатку Яўген патрапіў у Севераморск, «сталіцу» Чырванасцяжнага Паўночнага флоту, дзе ў вучэбнай часці за палярным кругам атрымаў воінскую спецыяльнасць электрамеханіка. Пасля прыняцця прысягі яго накіравалі ў Мурманск-150, які цяпер носіць назву Заазёрск. Аднак і тады, і зараз туды проста так ніхто не патрапіць — гэта закрыты адміністрацыйна-тэрытарыяльны гарадок, у якім жывуць толькі падводнікі і іх сем і. На прыняцце прысягі да Жэні меркавала прыехаць сястра Аня. Ды не лёс! З вялікай сумкай дамашніх прысмакаў дабралася толькі да аэрапорта ў Мінску. У першай жа касе яе засмуцілі да слёз: білетаў да Мурманска няма і на бліжэйшыя пару тыдняў не прадбачыцца. Калі хочаце паляцець, заказвайце загадзя. Некалькі пазней яна так і зрабіла. — Да Мурманска даляцела без прыгод, — расказвае Ганна. — А там села на рэйсавы аўтобус і даехала да Мурманска-150 практычна ўжо ноччу. Сяджу з сумкамі на пустым вакзальчыку і не ведаю, што рабіць. Бачу, пад язджае на пляцоўку вайсковы УАЗік, з яго выходзіць мічман і накіроўваецца да мяне. Прывітаўся і пачынае цікавіцца: хто ды што? Расказала, як ёсць. Ён пару секунд паразважаў, а потым запрашае мяне ў машыну, маўляў, раз такая справа, паедзем да вашага брата. Дабраліся да воінскай часці, неўзабаве прыбег заспаны Жэня. Нават матрос-вадзіцель выйшаў з машыны, далі нам магчымасць крыху пагутарыць, а мне яшчэ — пачаставаць брата мамінымі дамашнімі гасцінцамі. Потым сказалі, каб назаўтра з явілася сюды пасля чатырнаццаці гадзін, Вяршылу выпішуць запіску на звальненне, мы зможам з ім пагуляць па горадзе. На тым жа УАЗіку мяне падвезлі ў гарадок да гасцініцы «Ваенга». Скажу шчыра, тады да глыбіні душы ўсхвалявала, што наш Жэня служыць у асяродку такіх добразычлівых маракоў, для якіх слова «братэрства» — зусім не пусты гук. На другі дзень Яўген са смехам успамінаў, як мінулай ноччу яго будзіў днявальны па кубрыку: — Матрос Вяршыла! — Так, — адказвае той праз сон. — Матрос Вяршыла, да цябе сястра прыехала! — Ты мне лепш скажы, які чорт паедзе ў такую глухамань, ды яшчэ ноччу!.. Што было, тое было. Аня прыязджала да брата і праз год, калі Яўген пасля чарговага аўтаномнага баявога паходу на падлодцы адпачываў у Сасновым Бары пад Ленінградам. Пара дзён, на якія адпусцілі гэтым разам Вяршылу, праляцела ў Ленінградзе адным імгненнем. Як хлопца абавязковага і дысцыплінаванага, Аня праводзіла брата да аўтобуса, і вечарам у нядзелю ён ужо быў на КПП часці. А там шчыра падзівіліся: — Ты чаму так рана з’явіўся, у цябе ж у запасе яшчэ цэлыя суткі. Бачыш, напісана «па». Значыць, і панядзелак для цябе свабодны… Час быў вячэрні, тым не менш Вяршыла адправіўся ў зваротную дарогу. Дзе пешшу, дзе на папутках, аднак адолеў дарогу амаль у сотню кіламетраў, і бліжэй да ночы зноў быў у Ленінградзе. У рэшце рэшт атрымалася, што не сястра праводзіла яго на службу, а ён Аню ў няблізкую Беларусь. Неўзабаве для Вяршылаў выдалася яшчэ адна радасць: Жэня прыехаў у кароткатэрміновы водпуск дадому. Высокі, пасталелы, у прыгожай марской форме. Калі ішоў па вуліцы, усе дзяўчаты на яго азіраліся! Ён наведаўся да ўсіх мядзельскіх сваякоў, з ездзіў да бабулі з дзядулем у вёску Коркі, дапамог ім выкапаць бульбу. А калі ад’язджаў, забраў з дому ўсе лепшыя фотаздымкі — збіраўся афармляць «дэмбельскі» альбом. — Да таго часу я ўжо адслужыў, — узгадвае мінулае Міхаіл Падгол, — давучваўся ў тэхнікуме. Нас якраз збіраліся адправіць у адзін з лепельскіх калгасаў «на бульбу». З улікам таго, што сябра прыехаў у водпуск, удалося адпрасіцца ў куратара групы на пару дзён. Іх з Жэнем правялі разам, апошні вечар — дапазна. І хаця абяцаўся зазірнуць да яго на развітанне, элементарна праспаў. Потым пазваніў Жэню ўжо з тэхнікума, выбачаўся. А той у адказ: «Нічога страшнага, усё нармальна! Хутка адслужу, тады і сустрэнемся». Перапісваліся, канечне. У апошнім з лістоў ён напісаў, каб з адказам не спяшаўся, бо днямі адыходзяць у аўтаномны паход: «Як вярнуся, сам адгукнуся». Шмат год праляцела з таго часу. А ў мяне, калі шчыра, душа не на месцы: чаму праспаў, чаму тым ранкам не завітаў да свайго лепшага сябра? Такое адчуванне, як быццам у нечым вінаваты. Для большай яснасці варта адзначыць, што ў апошні баявы паход старшы матрос Яўген Вяршыла, як і ўвесь экіпаж, адправіўся не на простай атамнай падводнай лодцы.АПЛ К-278 "Комсомолец" Служыць на «Камсамольцы» было прэстыжна, ён лічыўся субмарынай з эфектыўнай сістэмай выратавання ўсёй каманды ў любым непрадбачаным выпадку. Корпус, які перавышаў у даўжыню стандартнае футбольнае поле, быў зроблены з тытанавых сплаваў, на ёй мелася аварыйная ўсплываючая камера, разлічаная на выратаванне з глыбінь усяго экіпажа, на борце — ракетнае ўзбраенне. У час аднаго з выпрабавальных эксперыментаў у 1985 годзе гэта падводная лодка апусцілася на 1027 метраў. З такім рэкордным параметрам, практычна рабочым, на той час яна была недасягальнай ні для падводных, ні для надводных варожых крэйсераў, станавілася нячутнай і нябачнай для радараў. Субмарына развівала вялікую хуткасць пад вадой — да 31 вузла, альбо 57,41 кіламетра. Пра многае сведчыць і наступны факт: у экіпажы субмарыны налічвалася толькі паўтара дзясятка матросаў і старшын тэрміновай службы, усе астатнія — афіцэры і мічманы. Па ўспамінах выратаваных маракоў, экіпаж вяртаўся з трэцяга аўтаномнага паходу ў добрым настроі. Пастаўленыя камандаваннем задачы ён выканаў, сабраў каштоўныя разведвальныя звесткі. Апрача 64-х членаў экіпажа, на борце знаходзіліся намеснік камандзіра VI дывізіі падводных лодак, куды ўваходзіў і «Камсамолец», капітан I рангу Барыс Каляда, начальнік палітаддзела дывізіі капітан I рангу Талант Буркулакаў і тры афіцэры штаба. Для капітана I рангу Яўгена Ваніна гэта быў першы паход у якасці камандзіра такой субмарыны. Трагедыя, якую ніхто не чакаў, падкралася на 37-я суткі паходу, 7 красавіка 1989 года, калі атамная падводная лодка знаходзілася ў нейтральных водах Нарвежскага мора, за 980 кіламетраў ад роднага берага. Што вядома дакладна? У 11:02 на пульце вахценнага механіка Вячаслава Юдзіна замільгала табло, што тэмпература ў сёмым кармавым адсеку перавышае 70 градусаў. Адразу ж аб явілі сігнал агульнай трывогі, адсек маўчаў. Па ўсёй бачнасці, пажар пачаўся настолькі імкліва і з такімі разбуральнымі наступствамі, што старшы матрос Надары Бухнікашвілі, які нёс там вахту, не паспеў нават далажыць пра бяду, загінуў адразу. Не праясніў сітуацыі і мічман Уладзімір Калацілін з турбіннага шостага адсека, даклад якога абарваўся пасля лічаных слоў: «На мяне насоўваецца штосьці чорнае…» Калі праз некалькі хвілін падводная лодка ўсплыла на паверхню з глыбіні 350 метраў, моцна гарэлі два адсекі ў карме, густое задымленне назіралася таксама ў другім, загаранне пульта адбылося ў трэцім, у пятым — успыхнулі гаручыя газы… Спрацавала аўтаматычная абарона ядзернага рэактара, адключыліся асноўныя электралініі. Далейшае сілкаванне забяспечвала акумулятарная батарэя. Паступіла таксама каманда запусціць аварыйны дызель-генератар. Вырашэнне гэтай задачы да канца забяспечваў наш зямляк з Шумілінскага раёна капітан III рангу Анатоль Іспянкоў, камандзір электрамеханічнага дывізіёна БЧ-5. Ён змяніў вахценнага ля дызель-генератара, калі той ад атрутнай задымленасці страціў прытомнасць. У фінальнай частцы трагедыі Анатолю Мацвеевічу так і не ўдалося выбрацца з лодкі, ён назаўсёды застаўся ў тытанавай субмарыне. Пасля ўсплыцця стала зразумела, што экіпаж сваімі сіламі з пажарам не саўладае. Адкрыта даваць SOS-паведамленне камандзіру не дазвалялі інструкцыі, таму пасылалі закадзіраваныя сігналы аб аварыі. На базе іх прынялі і расшыфравалі далёка не з першага разу, у 12:19. На выручку падводнікам адправілі самалёты і плаўбазу «Аляксей Хлабыстаў», якая знаходзілася бліжэй за ўсіх да месца трагедыі. Увесь гэты час экіпаж падводнай лодкі з апошніх сіл змагаўся за жывучасць карабля. Бліжэй да 15:00 усім падалося, што бяда мінула. Пажар у шостым-сёмым адсеках практычна спыніўся, падводная лодка злёгку пагойдвалася на хвалях халоднага мора, над месцам аварыі кружылі нашы самалёты, маракі высыпалі на верхнюю палубу, дыхалі свежым паветрам. Яны ведалі, што да іх на ўсіх парах імчыць плаўбаза, і, калі яна паспее ў час, яны проста пяройдуць з аднаго карабля на другі. Ды раптам сітуацыя рэзка пагоршылася. Як толькі ціск унутры субмарыны і звонку ўраўняўся, у кармавы адсек хлынула вада праз адтуліны, якія ўтварыліся пры пажары. Можна ўявіць, якая там была тэмпература, калі пачаў плавіцца нават тытан! Калі ў 16:40 паступіў загад на эвакуацыю, падводнікі пакідалі адсекі, хто ў чым быў. Яны скакалі ў ледзяную ваду, збіраліся каля выратавальнага плыта. У 17:08 лодка затанула. Стан духу падводнікаў да апошняга заставаўся высокі, яны, пакуль былі сілы, нават спрабавалі жартаваць, спяваць пра горды «Вараг»… Плаўбаза «Аляксей Хлабыстаў» падышла да месца трагедыі толькі ў 18:20, і яе экіпаж прыступіў да выратавання людзей. Пашчасціла нямногім: з 69-ці чалавек, што былі ў сямі адсеках «Камсамольца», у жывых засталіся 27. Маракі гінулі ад пераахалоджвання, ішлі на дно, траім урачы не далі рады нават на плаўбазе. Паводле ўспамінаў мічмана Юрыя Анісімава, танулі моўчкі, ніхто не крычаў, не развітваўся. Ад доўгага знаходжання ў ледзяной вадзе людзей апаноўвала такое здранцвенне, што ніхто не мог нават пальцам паварушыць, а не тое, каб нырнуць у чорныя хвалі на выручку следам за таварышам. Той, хто не мог рукамі, трымаўся за капронавы леер вакол плыта зубамі… У ліку выратаваных не аказалася ні старшага матроса Яўгена Вяршылы, ні яшчэ аднаго нашага земляка з Клецкага раёна — старшага матроса Ігара Апанасевіча, камандзіра аддзялення рулявых-сігнальшчыкаў. Іх забрала мора. Так ужо атрымліваецца па жыцці: прафесія падводніка застаецца адной з самых небяспечных на свеце. І гэта нават не залежыць ад таго, у які час праходзіць служба — мірны альбо ваенны. Маракі ўсіх субмарын, нават самых сучасных, рызыкуюць жыццём. Ніхто не дасць гарантыі, ці ўдасца ім вярнуцца з чарговага паходу. Гэта шлях выбраных і моцных духам, рызыкоўных і адважных, сумленных і да канца адданых воінскай прысязе людзей. І ён, як паказала трагедыя ў Нарвежскім моры, аказаўся па плячы Яўгену Вяршылу. — Мне добра запомніўся прыезд да нас у Мядзел капітан-лейтэнанта Ігара Калініна, які таксама быў у тым апошнім паходзе на «Камсамольцы», — дзеліцца ў размове сястра Яўгена Аня. — Па нашай просьбе Ігар Віктаравіч крыху распавёў пра апошнія хвіліны жыцця брата: «Пасля таго, як падводная лодка пайшла на дно, Вяршылу ўдалося патрапіць на выратавальны плыт. Калі я, знясілены, падплыў да яго, Жэня прыўстаў і дапамог мне ўзабрацца туды. І ў той жа момант высокая чорная хваля, якая набегла, змыла майго выратавальніка за борт. Больш яго не бачыў…» Афіцыйнай прычыны гібелі атамнай падводнай лодкі К-278 няма і па сёння. Спецыялісты кажуць, каб устанавіць дакладную, неабходна падняць субмарыну са дна Нарвежскага мора. Ляжыць яна там цяпер на глыбіні больш за паўтара кіламетра. Меркаванняў жа выказваецца нямала, ёсць нават містычныя. Па адным з іх, уся справа ў перайменаванні субмарыны літаральна за месяц да трэцяга баявога паходу. Варта прызнаць: існуе нейкая таемная і невядомая сувязь паміж імем таго ж чалавека і падзеямі, што адбываюцца ў яго жыцці. Тое ж і з караблямі. Незвычайна? Мабыць! Аднак пакуль адзіная субмарына праекта 685 пад назвай «Плаўнік» хадзіла ў паходы, ніякай бяды з ёй не здаралася. З уласнай службы ведаю: на флоце не ў пашане розныя перайменаванні. Там кожны верыць у свайго Бога, свае прыкметы! Бадай, кожны з нас чуў выраз: «Як карабель назавеш, так ён і паплыве». У чымсьці гэта блізка яшчэ да адной традыцыі разбіваць пры спуску новай лодкі аб яе борт традыцыйную пляшку шампанскага. Ёсць устойлівае павер е: не разляцелася яна на кавалкі — чакай бяды. Як гэта здарылася, у прыватнасці, з атамным падводным ракетаносцам К-19. Не факт, але з больш сур’ёзных бліжэй да ісціны версія наконт няспраўнага газааналізатара ў сёмым адсеку — прамая дарога да павышанай канцэнтрацыі кіслароду ў паветры. Пры такім раскладзе недалёка і да загарання любой прамасленай анучы ці праспіртаваных запасаў хлеба ў цэлафанавай упакоўцы, што пры пэўным збегу акалічнасцей магло стаць каталізатарам катастрофы. Адной з вызначальных прычын яе, асабліва ў адносінах да экіпажа, стала таксама сакрэтнасць. Службовыя інструкцыі забаранялі падаваць сігнал SOS, па сутнасці лодка была асуджана на гібель. Тое, што некаторым удалося выратавацца — праява іх асабістай мужнасці і спрыяльных абставін. Трагедыя здарылася ў нейтральных водах, аднак на вялікай адлегласці ад берагоў Савецкага Саюза і куды на меншай — ад нарвежскіх. Простыя разлікі паказваюць, што іх верталёты маглі апынуцца на месцы трагедыі значна раней, чым плаўбаза «Аляксей Хлабыстаў»… — Пасля гібелі атамнай падводнай лодкі «Камсамолец», — гаворыць Уладэліна Яфімаўна, — нас усіх, хто страціў у той трагедыі сваіх сыноў, мужоў ці братоў, сабралі ў Мурманску-150, мы выходзілі ў адкрытае мора. Там па флоцкай традыцыі апусцілі ў цёмныя хвалі жалобныя вянкі, набралі ў біклажкі вады. Адну такую потым паклалі і ў магілу Жэні ў Старым Мядзеле. Неўзабаве пасля прыезду адтуль сніла сон. Быццам чую, што ўначы дзверы нашай кватэры хтосьці адмыкае ключом і ціхенька ступае ў прыхожую. Падыходзіць бліжэй, гляджу: Жэня. «Добры дзень, мама!» — кажа. Я, канечне, запрашаю яго: «Праходзь, сынок, рада, што ты нарэшце вярнуўся». А ён: «Ды я, мама, не адзін, зірні за дзверы, колькі нас там…» На гэтым сон перапыніўся, прачнулася ў халодным поце, — з журбой у голасе кажа жанчына. — Лічу, — сцвярджае яна, — што сыну вельмі хацелася трапіць дадому… Праз год бацькоў зноў запрасілі ў Мурманск-150. Разам з імі паехала і сярэдняя дачка Ірына. У гарадку ўжо стаяў мармуровы абеліск экіпажу атамнай падводнай лодцы «Камсамолец» у выглядзе вялікага крыжа. А каля яго — сем чорных пліт з сарака двума прозвішчамі тых, каму не ўдалося выратавацца. У тым ліку камандзіра экіпажа субмарыны Яўгена Ваніна, начальніка палітаддзела VI дывізіі падводных лодак Таланта Буркулакава, старшага матроса Яўгена Вяршылы… Ёсць экспазіцыя пра нашага слаўнага зямляка і ў філіяле музея народнай славы, які знаходзіцца ў Мядзельскай сярэдняй школе імя Уладзіміра Дубоўкі. Школе, дзе ён вучыўся, дзе памятаюць свайго выхаванца, які загінуў пры выкананні баявога задання, за што адзначаны Радзімай ордэнам Чырвонага Сцяга. Тут жа можна ўбачыць намаляваны помнік экіпажу атамнай субмарыны, здымкі Жэні ў час службы і ўсіх загінуўшых у паходзе, капсулу з марской вадой і карту з дакладнымі каардынатамі гібелі тытанавага цуду таго часу. Побач з усім гэтым радкі Уладзіміра Губанава, марскога інжынера з Севастопаля, якія кранаюць да глыбіні душы: «Нерусское море надежно/ Их чистые души хранит./ Над ними сквозь снежное крошево/ Лишь чайка заплачет навзрыд…» Што ні кажыце, усё мінае на свеце гэтым, толькі гонар жыве заўжды! — У мяне шмат знаёмых па рабоце на кацельні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па горадзе, — заўважае ў гутарцы Міхаіл Падгол. — Аднак больш такога сябра, як Яўген Вяршыла, і за тры дзясяткі год не сустрэў. Правільнага, надзейнага! З родным братам так не паразмаўляеш, як, бывала, з ім. Такія людзі ў жыцці сустракаюцца вельмі рэдка! ДАКЛАДНА НЕ МАГУ СКАЗАЦЬ, ШТО Ў ІХ ТАМ ЗДАРЫЛАСЯ НА ПАДВОДНАЙ ЛОДЦЫ, АЛЕ, ВЕДАЮЧЫ ЖЭНЮ, УПЭЎНЕНЫ: ЁН СУМЛЕННА І ДА КАНЦА ВЫКАНАЎ СВОЙ ВОІНСКІ АБАВЯЗАК, АБАВЯЗАК САПРАЎДНАГА СЫНА СВАЁЙ РАДЗІМЫ! Кажуць, маракі не гінуць, проста яны сыходзяць у мора і не вяртаюцца, хаця на беразе іх заўжды чакаюць, да слёз углядваючыся ў далячынь, дзе сінія хвалі зліваюцца з блакітным небам!..

Павел Жукаў.

Источник: https://narachanka.by/hramadstva/yago-naza-syody-zabrala-mora/