У Віцебску адсвяткавалі 115-ю гадавіну заснавання Дня марака-падводніка

21.03.2021

Святочнае мерапрыемства адбылося на беразе ракі Заходняя Дзвіна ля будынка, дзе з 1949-га да 1993-года знаходзілася марская школа Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Многія гараджане, якія там вучыліся, сталі ваеннымі і грамадзянскімі маракамі.

 Карэспандэнту «Звязды» арганізатары растлумачылі, што 19 сакавіка (па старым стылі 6 сакавіка) 1906 года па ўказе імператара Мікалая II у класіфікацыю судоў ваеннага флоту быў уключаны новы клас баявых караблёў — падводныя лодкі.

Падводнікі, тыя, хто служылі на флоце, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сваякі флоцкіх, ушанавалі памяць тых падводнікаў, хто пайшоў з жыцця.

На фасадзе будынка, помніка архітэктуры замацавана памятная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Самуіла Багарада (гады жыцця 1907-1996), ураджэнца Віцебска. Беларускія падводнікі ганарацца тым, што ён іх зямляк.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў» Анатоль Міхайлавіч Кавалёў, капітан першага рангу, распавёў што Багарад — легенда, пра якога трэба яшчэ больш распавядаць, каб сучасныя хлопчыкі марылі служыць на флоце. Цікава, дарэчы, што ў савецкі час прыкладна кожны трэці прызыўнік з сухапутнай Беларусі трапляў на мора.

На сёння ў Прыдзвінскім краі больш за 130 членаў актыўных членаў згаданага вышэй аб’яднання. Падводнікі з задавальненнем сустракаюцца з школьнікамі, навучэнцамі і студэнтамі.

Між іншым, у Віцебску ёсць музей «Марская слава Беларусі». Ён знаходзіцца ў сярэдняй школе № 8 і ўжо вядомы далёка за межамі краіны. Менавіта тут быў вучнем будучы герой-падводнік Анатоль Іспенкоў. Ён загінуў у 1989-м на падводнай лодцы К-278 «Камсамолец». На мерапрыемстве прысутнічала яго сястра.

Падводнікі дзяліліся ўспамінамі. Падкрэслівалі, што былых сярод іх не бывае. Яны ў першых радах у патрыятычным выхаванні, за стабільнасць і паразуменне ў грамадстве і мір.

Аляксандр ПУКШАНСКІ