«Служу Айчыне!». Клуб юных маракоў «Палескія Гардэмарыны» у Дзень народнага адзінства адзначыў 12-ю гадавіну сваёй дзейнасці

2022.09.18

 

У клуба юных маракоў «Палескія Гардэмарыны» у Пінску — трайное свята: 17 верасня ў Дзень народнага адзінства клуб адзначыў 12-ю гадавіну сваёй дзейнасці. Характэрна, што ў гэтыя дні ў Пінску праходзяць святочныя падзеі ў гонар 925-годдзя горада.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў сярэдняй школе № 1 Пінска, у якой дзейнічае клуб і абустроены народны музей, прысвечаны гісторыі Чырванасцяжнай ордэна Ушакова I ступені Дняпроўскай ваеннай флатыліі і 1-га навучальнага атрада ВМФ СССР.

Павіншаваць юных маракоў з Мінска прыехалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў»: контр-адмірал Аляксандр Мачайкін, мічман Аляксей Лаўкачоў, галоўны карабельны старшына Уладзімір Качура.

Пасля выступлення старэйшага мічмана Аляксандра Крыгіна, дырэктара школы № 1 Уладзіміра Бойкі, Аляксандр Мачайкін уручыў выхаванцам клуба нагрудныя знакі, пагоны і пераходзячыя кубкі, а Уладзімір Качура перадаў для народнага музея кнігі аб ваенна-марскім флоце. Кожны гардэмарын атрымаў у падарунак заплечнік з сімволікай Беларускага саюза ваенных маракоў.

Адбылася экскурсія ў народным музеі і канцэрт, на якім капітан 2 рангу Уладзімір Бісултанаў прадставіў удзельнікам мерапрыемства свае вершы і выканаў некалькі песень пра флот і мора.

— У нядаўнім мінулым я быў старшынёй Савета Пінскай гарадской арганізацыі ваенных маракоў. У цяперашні час займаюся ваенна-патрыятычным выхаванне моладзі. За дванаццаць гадоў працы праз клуб прайшло каля чатырохсот дзяцей. Сёння ў клубе займаюцца каля сарака выхаванцаў, не толькі з сярэдняй школы № 1, але і з іншых устаноў адукацыі Пінска. У выхадныя дні юныя маракі вывучаюць гісторыю ВМФ, азбуку Морзэ, вязанне марскіх вузлоў, рукапашны бой і іншыя прадметы, звязаныя з флотам. Дзеці займаюцца з цікавасцю, шануюць прыналежнасці клуба юных маракоў. І гэта можна было сёння адчуць пры ўручэнні ўзнагарод, калі ў адказ з вуснаў выхаванцаў гучалі словы: «Служу Айчыне і клубу Гардэмарыны!», — распавёў Уладзімір Бісултанаў.

 

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

 

В источнике: https://zviazda.by/be/news/20220918/1663485552-sluzhu-aychyne-klub-yunyh-marakou-paleskiya-gardemaryny-u-dzen-narodnaga