Савелій Іосіфавіч Пачабут вось ужо 36 гадоў прывівае рабятам любоў да спорту і вучыць іх перамагаць

19.02.2017

 

Мажэйкаўскіх спартсменаў добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і па ўсёй рэспубліцы: яны не раз станавіліся прызёрамі спаборніцтваў рознага ўзроўню па лёгкай атлетыцы, міні-футболе, баскетболе, настольным тэнісе, стральбе, лыжных гонках. За ўсімі гэтымі высокімі спартыўнымі дасягненнямі стаіць самаадданая праца трэнера Савелія Іосіфавіча Пачабута, які вось ужо 36 гадоў прывівае рабятам любоў да спорту і вучыць іх перамагаць.

– Яшчэ ў пачатковых класах я цвёрда вырашыў, што хачу звязаць сваё жыццё са спортам, – зазначае Савелій Іосіфавіч. – У гэтым не апошнюю ролю адыграў мой старэйшы брат: ён актыўна займаўся лёгкай атлетыкай і прымаў удзел у розных спаборніцтвах. Менавіта на яго і раўняўся! У школе маім фізічным выхаваннем займаліся такія прафесіянальныя педагогі, як Аляксандр Пятровіч Васько, Алег Уладзіміравіч Гузень, Іван Канстанцінавіч Зенчык і Уладзімір Іванавіч Біндзей.

Вёска Турэйск, дзе ў той час жыла сям’я Пачабут, была даволі вялікай і шматлюднай. Кожнай раніцай сельская дзятва “ланцужкамі” выстройвалася ўздоўж дарогі і крочыла ў Сарокінскую васьмігадовую школу на вучобу.

 – Як толькі сыходзіў снег, мы з сябрамі збіраліся разам і штодзень гулялі ў лапту, “Чыжыка” і “Два капітаны”, – успамінае наш суразмоўца. – З надыходам цяпла пачынаўся футбольны сезон. Звычайна праводзілі ў полі з мячом увесь вольны час і вярталіся дадому ў прыцемках. А вось зімой, калі “прыціскаў” мароз, усёй гурбой спяшаліся на каток, каб згуляць у хакей. Паколькі ў той час клюшак ні ў каго не было, загадзя рабілі іх самі з лазы. Вось так весела і актыўна прайшло маё дзяцінства!

Скончыўшы “васьмігодку”, Савелій перайшоў у Ракавіцкую школу, а па яе заканчэнні паспяхова паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Не паспеў юнак з галавою акунуцца ў вучобу, як яго забралі служыць ва Узброеныя Сілы.

– Служыць давялося на флоце, – дзеліцца Савелій Іосіфавіч. – Спачатку паўгода правёў у “вучэбцы” ў Кранштаце, дзе асвоіў спецыяльнасць ракетчыка і навучыўся кіраваць зенітным ракетным комплексам “Аса-М”. Потым быў пераведзены ва Уладзівасток у Чырванасцяжны Ціхаакіянскі флот. Там трапіў у склад каманды навейшага дэсантнага карабля “Іван Рогаў”, аналагаў якому не існавала ў той час ва ўсім Савецкім Саюзе. Уявіце сабе махіну дліной 159 метраў, вышынёй 54 метры і шырынёй 22 метры. На борт змяшчалася 74 плаваючыя танкі, 4 верталёты і 800 чалавек марской пяхоты.

На гэтым цуда-караблі С.І. Пачабут здзейсніў дзве баявыя службы. Падчас першай ён “баразніў” прасторы Ціхага і Індыйскага акіянаў, а таксама Чырвонага мора, заходзіў ва В’етнамскі партовы горад Камрань, высаджваўся на астравах Дахлак і Сакотра.

– На нашым караблі налічваўся толькі адзін зенітны ракетны комплекс “Аса-М”, дый і той быў цалкам укамплектаваны зенітчыкамі, – расказвае наш герой. – Таму мне прыйшлося “перакавацца” ў рулявыя. І гэта аказалася не так складана, як падалося на першы погляд! Ніколі не думаў, што штурвал ад такога вялікага карабля амаль цалкам змесціцца ў мае далоні. На дзіва ў кіраванні машына аказалася вельмі паслухмянай і надзейнай. Я ўважліва слухаў каманды штурмана і прытрымліваўся вызначанага курсу.

Па вяртанні з баявой службы камандаванне адпусціла С.І. Пачабута дадому, каб той мог як след адпачыць. Наперадзе нашага земляка, які быў назначаны камандзірам аддзялення рулявых, чакалі сур’ёзныя выпрабаванні – усесаюзныя вучэнні “Захад-81”, якія ладзіліся ў 1981 годзе на Балтыцы.

– Бачылі б вы, наколькі маштабна ўсё праходзіла! – не хавае эмоцый Савелій Іосіфавіч. – Наш карабель “Іван Рогаў” быў асноўнай ударнай сілай, а побач плылі іншыя судны з дэсантам, рухаліся сотні плаваючых танкаў, над галовамі ляталі верталёты. За бездакорнае выкананне пастаўленых баявых задач я быў узнагароджаны медалём “За отличие в воинской службе” II ступені.

Не дзіва, што напярэдадні дэмабілі­зацыі камандаванне прапанавала С.І. Пачабуту застацца служыць на флоце. Аднак той адмовіўся: сваю жыццё Савелій Іосіфавіч па-ранейшаму жадаў звязаць са спортам. Таму, вярнуўшыся дадому, ён прадоўжыў вучобу ў Гродзенскім тэхнікуме фізічнай культуры. Пасля атрымання дыплома ў 1983 годзе быў размеркаваны на працу ў Мажэйкаўскую базавую школу.

– Да мяне тут часта мяняліся настаўнікі фізкультуры, што негатыўна адбівалася на спартыўных дасягненнях рабят, – прызнаецца наш суразмоўца. – Да прыкладу, у круглагадовай спартакіядзе сярод 8-гадовых школ, якіх у той час у раёне налічвалася звыш дваццаці, наша навучальная ўстанова займала 17 месца. Я прыклаў усе намаганні, каб выправіць сітуацыю, і ўжо на наступны год мы былі першымі. Пасля Мажэйкаўская базавая школа ў гэтых спаборніцтвах заўсёды перамагала і толькі два разы заняла другое месца.

Такіх высокіх вынікаў удавалася дабівацца таму, што Савелій Іосіфавіч умеў знайсці агульную мову з дзецьмі і запаліць у іх азарт. Да ўсяго на асабістым прыкладзе дэманстраваў, як трэба дабівацца пастаўленай мэты.ст. 1 ст. Почебут С.И.

– Я ўдзельнічаў у прафсаюзных спаборніцтвах сярод настаўнікаў і стаў чэмпіёнам вобласці, – зазначае Савелій Іосіфавіч Пачабут. – Аб той перамозе мне нагадвае чайны сервіз, які атрымаў у падарунак. Прызнацца, і сёння ні дня не магу пражыць без спорту! Люблю займацца лёгкай атлетыкай, хадзіць на лыжах, страляць з пнеўматычнай вінтоўкі.

Сваё захапленне фізічнай культурай С.І. Пачабут умее перадаць вучням. Як вынік, ужо пяць яго выхаванцаў паспяхова скончылі спартыўную школу ў Навагрудку. Яшчэ дзвюх юных мажэйкаўскіх біятланістак там чакаюць трэнеры – Ксенію Іоч і Святлану Барысевіч.

– Трэба ўмець разгледзець талент кожнага падлетка і накіраваць яго ў правільнае рэчышча, – перакананы Савелій Іосіфавіч. – Тады і спартыўныя перамогі не прымусяць доўга чакаць! На жаль, сённяшняя моладзь у большасці сваёй аддае перавагу гаджэтам і сацсеткам, таму вельмі важна “выцягнуць” рабят на вуліцу, заахвоціць адпачываць актыўна. Толькі так можна выхаваць здаровае пакаленне!

Святло ў спартыўнай зале Мажэйкаўскай базавай школы не гасне і вечарам: сюды з задавальненнем прыходзяць пагуляць у валейбол дарослыя. І тады С.І. Пачабут выступае ў ролі суддзі. Аднак пасля спаборніцтваў заўсёды спяшаецца дадому, дзе яго чакае любімая жонка.

– Разам з Рэгінай Іосіфаўнай мы дастойна выхавалі двух сыноў - Аляксандра і Анатолія, – з гонарам зазначае Савелій Іосіфавіч. – Яны ўжо пайшлі з бацькоўскай хаты і абодва працуюць праваахоўнікамі. Часта завітваюць са сваімі сем’ямі да нас у госці. Калі прыязджаюць унукі Арсеній і Ілля, то спяшаюцца са мной у спартзалу, дзе праводзяць амаль цэлы дзень. А нядаўна на свет з’явілася і доўгачаканая ўнучка Мілена, і я прыкладу ўсе намаганні, каб у будучым яна таксама палюбіла спорт!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і з архіва С.І. ПАЧАБУТА.

В источнике:

 

БДК "Иван Рогов"

 

Рундук (archive)