Подвиги лепяльчан-моряков

Лепель. Лепельский край. Районная газета

 25.02.2020

m-ragavenkaАсобны аповед пойдзе пра лепяльчан, якія падчас Другой сусветнай вайны змагаліся з ворагам у складзе ваенна-марскіх часцей. Ад Балтыкі да Ціхага акіяна афіцэры, старшыны і чырванафлотцы ваявалі на ўсіх флатах Савецкага Саюза.

Дакладную колькасць ураджэнцаў Лепельшчыны, чые імёны ўпісаны ў гісторыю ваенна-марскога флоту, сёння назваць складана. За ўдзел у баявых дзеяннях на моры шэраг з іх адзначаны баявымі ўзнагародамі.
У студзені 1945 года да ордэна Леніна быў прадстаўлены капітан трэцяга рангу Вікенцій Рагавешка — начальнік аддзела ваенна-марскога навучання Цэнтральнага Савета Саюза “Асавіяхім” СССР. Вікенцій Рагавешка нарадзіўся ў 1882 годзе ў лепельскай вёсцы Заазер’е. Ваенна-марскую службу пачаў у 1917 годзе камендорам на крэйсеры “Богатырь”, які базіраваўся на Балтыцы. Паступова падымаўся па службовай лесвіцы. З 1924 па 1930 год з’яўляўся слухачом Ваенна-марской акадэміі. Пасля вучобы працягваў службу на Балтыйскім флоце на розных пасадах. Не абмінулі Вікенція Рагавешку і палітычныя рэпрэсіі. У ліпені 1938 года, на той час ён займаў пасаду памочніка начальніка 1-га аддзела штаба Балтыйскага флоту, быў арыштаваны разам з жонкай. У сакавіку 1939 года ўсе абвінавачванні былі знятыя, Вікенція Захаравіча аднавілі на службе і прызначылі начальнікам штаба Брыгады тралення. Вайну ён сустрэў на каманднай пасадзе ў штабе Ленінградскай ваеннай акругі. З 1943 года служыў у Цэнтральным Савеце “Асавіяхіма”. За выслугу гадоў узнагароджаны Ордэнам Леніна. Вікенцій Рагавешка адзін з нешматлікіх, хто ўзнагароджаны першым савецкім медалём “20 лет РККА”.
Лепяльчаніна Зяму Штэйнгарта вайна застала на Поўначы, дзе ён служыў у марскіх пагранічных сілах, затым — на цеплаходзе “Стары Бальшавік”, які ў складзе палярных канвояў дастаўляў стратэгічныя грузы з ЗША. 27 мая 1942 года “Стары Бальшавік”, гружаны снарадамі, рухаўся ў складзе канвою PQ-16 і быў атакаваны нямецкімі самалётамі. Супрацьстаянне працягвалася некалькі сутак, але экіпаж здолеў захаваць сваё судна і каштоўны груз. Уся каманда была прадстаўлена да ўрадавых узнагарод. Зяму Штэйнгарта ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга.
v-ragaveshkaСтаршы лейтэнант Мікалай Рагавенка, які служыў на флоце з 1935 года, вызначыўся ў баях з японцамі на Далёкім Усходзе ў жніўні 1945 года. У складзе 2-й Брыгады тралення Ціхаакіянскага флоту тральшчык “ТЩ-274”, якім ён камандаваў, займаўся высадкай дэсанту, вёў агонь па берагавых і паветраных цэлях. Тральшчык “ТЩ-274” быў уключаны ў групу караблёў, якія павінны былі захапіць востраў Паўднёвыя Курылы. За смеласць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з японцамі, Мікалай Рагавенка ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені адзначаны баявыя заслугі капітан-лейтэнанта Паўла Падлобнага, старшыны 2-й стацці Івана Асоўскага і чырванафлотца Дзяніса Масціцкага.
Камандзір аддзялення радыстаў кацера Д-3 Іван Асоўскі ў чэрвені 1944 года за ўдзел у жорсткіх баях, якія вялі з немцамі савецкія маракі ў Выбаргскім заліве, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У 1946 годзе адзначаны марскім медалём Ушакова.
Доўгія гады ў сістэме баявых узнагарод СССР адсутнічалі спецыяльныя ўзнагароды для прадстаўнікоў Ваенна-марскога флоту. Першыя “марскія” ўзнагароды з’явіліся ў Савецкім Саюзе толькі трэцяга сакавіка 1944 года. У гэты дзень Указам УС СССР былі заснаваны ордэны Ушакова і Нахімава. Акрамя ордэнаў, якія прызначаліся для афіцэраў, былі таксама заснаваны два “марскія” медалі, названыя імёнамі тых жа адміралаў, — для ўзнагароджання радавога і старшынскага складу савецкага Ваенна-марскога флоту.
Сярод узнагароджаных медалём Ушакова ёсць і лепяльчане: Давід Аксёнцаў, Эдуард Марозаў, Кузьма Ладзік і Уладзімір Парабковіч.
Ураджэнец вёскі Камень Давід Аксёнцаў у 1941 годзе быў прызваны з запасу на Балтыйскі флот. Ваяваў на пасадзе камандзіра кулямётнага аддзялення на кацеры СК-180, прымаў удзел у абароне Ленінграда. Удзельнічаў больш чым у 200 баявых аперацыях. У чэрвені 1944 года неаднаразова адбіваў паветраныя напады нямецкіх самалётаў на кацер. 22 лістапада кацер знаходзіўся ў дазоры ў месцы, небяспечным ад мін. У цёмную штармавую ноч Аксёнцаў нёс вахту, за дваццаць метраў ад кацера заўважыў міну — і сваімі дзеяннямі прадухіліў гібель судна. У маі 1945 года за мужнасць і адвагу старшына 2-й стацці Аксёнцаў узнагароджаны медалём Ушакова. У навігацыі 1945 года ўдзельнічаў у 25 баявых аперацыях, у тым ліку па баявым траленні — узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
На баявым кацеры ваяваў Кузьма Ладзік з вёскі Атокі. Удзельнічаў у шэрагу баявых аперацый на Балтыйскім моры. Шостага жніўня 1943 года з кулямёта збіў варожы самалёт. Адзначаны медалём Ушакова ў 1945 годзе.
Уладзімір Парабковіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Цярэшкі, потым жыў з бацькам у Оршы. У вайну застаўся круглым сіратой. У верасні 1942 года трапіў у першы набор школы юнгаў, якая размяшчалася на Салавецкіх астравах. У кастрычніку 1943 года накіраваны на гвардзейскі эскадраны мінаносец Чарнаморскага флоту “Сообразительный” і прызначаны дублёрам электрыка. Служба на эсмінцы працягвалася ва Уладзіміра Яфімавіча і ў пасляваенныя гады. Ужо ў кастрычніку 1945 года ён стаў камандзірам аддзялення і атрымаў званне старшыны другой стацці. У 1948 годзе Уладзіміра Яфімавіча прызначылі старшыной электраматорнай групы. На гэтай пасадзе ён адслужыў да дэмабілізацыі ў студзені 1950 года. Узнагароджаны медалямі Ушакова, “За працоўную доблесць” і “За абарону Савецкага Запаляр’я”.
Медалём Нахімава ўзнагароджаны і Іван Гайсёнак, які служыў матарыстам-дызелістам на тральшчыку. За кампанію 1945 года, з красавіка па кастрычнік, удзельнічаў у 93 аперацыях: па баявым траленні, перакідванні дэсанту і буксіроўцы.
Валерый ТУХТА,
няштатны карэспандэнт.