ПАДВОДНІК – НЕ ПРОСТА ПРАФЕСІЯ…

27 лютага 2014 г.

мичман КОВАЛЬЧУК АнатолийКалі ў 1959 годзе спускалі на ваду першы савецкі падводны крэйсер-ракетаносец, у яго быў толькі тактычны нумар: К-19. Сваю злавесную назву “Хірасіма” ён атрымаў у акіяне пасля аварыі 4 ліпеня 1961 года.

У той дзень людзі ўсіх кантынентаў не падазравалі, што іх лёс, як і лёс усёй планеты, вырашаецца не ў ААН, не ў Вашынгтоне і не ў Маскве, а ў другім адсеку падводнага ракетаносца К-19.

На 100-метровай глыбіні на атамнай падводнай лодцы здарылася аварыя. З першага контура рэактара пайшла ахаладжальная вадкасць. Пачаў плавіцца ўран і назапашвацца ў паддоне. Калі б яго маса дасягнула кілаграма, адбыўся б атамны выбух. І дзе? Побач з амерыканскай ваенна-марской базай ля берагоў ЗША. У адсеку ўтварылася воблака радыеактыўнай пары. Прыборы паказалі ўзровень радыяцыі да 500 рэнтген. То тут, то там у адсеку пачаў узгарацца вадарод блакітнымі ўспышкамі. Тэмпература зашкальвала. А няспраўнасць можна ліквідаваць толькі ўручную. 7 чалавек з экіпажа зрабілі крок у ядзер­ны адсек. Без ахоўных касцюмаў, голымі рукамі, у армейскіх процівагазах 19-гадовыя хлопцы ліквідавалі няспраўнасць. Гэтыя маракі, што загінулі, былі не проста абаронцамі Айчыны, а сталі выратавальнікамі чалавецтва.

Пазней на гэтай атамнай падлодцы служыў наш зямляк, ураджэнец вёскі Отчын Хаціслаўскага сельсавета Анатоль Кавальчук. Ён быў прызваны на флот у 1979 годзе. 4 месяцы праходзіў падрыхтоўку ў Ленінградзе, затым быў накіраваны на атамную падводную лодку К-19. Служыў на пасадзе старшага матроса спецсувязі. Ды сама падводная лодка К-19 да таго часу змяніла сваё прызначэнне. Замест ракет яна была напакавана навейшымі сродкамі назірання і праслухоўвання. На лодцы пастаянна знаходзіліся вучоныя з Маскоўскага навукова-даследчага інстытута радыёэлектронікі. К-19 несла баявое дзяжурства ў водах Паўночнай Атлантыкі. У час нясення службы Анатолю Кавальчуку разам з экіпажам даводзілася выконваць розныя заданні. Ён расказвае: “Я вельмі даражыў тым, што служу на падводнай лодцы. Бо падводнік – гэта не проста прафесія, якая стала ладам жыцця, гэта яшчэ і склад душы, і спосаб мыслення. У час выканання баявых заданняў у мяне ў памяці былі твары тых хлопцаў з 1961 года, якія аддалі жыцці свае за “другі свая”. І вырашыў падаць рапарт на звыштэрміновую службу.

Пасля вучобы ў Севераморскім інстытуце мічманаў Анатоль Кавальчук вярнуўся на сваю падводную лодку К-19 у званні мічмана. Быў назначаны старшым групы спадарожнікавай сувязі комплекса “Цунамі”. З 1989 года развал СССР адчуў на сабе і ваенны флот. Баявыя караблі і падводныя лодкі ішлі на металалом і на продаж. К-19 спісалі, экіпаж расфарміравалі. Анатоль перавёўся на атамны падводны ракетаносец К-147, дзе праслужыў да 1993 года.

Цяпер Анатоль Кавальчук жыве ў в. Хаціслаў. Сям’я, дом, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У свабодныя хвіліны ўспамінае глыбінныя марскія паходы, кубрыкі і каюты ў лодцы і сваіх сяброў, з якімі падтрымлівае сувязь. І часта напявае матроскую песню пра К-19, у якой ёсць і такія словы:

Тишина… Нет страшнее такой тишины.

Смирно! Скиньте пилотки, живые!

Много-много парней без вины, без войны

Жизнь отдали, чтоб жили другие.

 

Пётр КІВАЧУК, былы настаўнік гісторыі Мельніцкай школы.

НА ЗДЫМКУ: Анатоль КАВАЛЬЧУК.

 

Опубликовано в “ГЧ” 22.02.2014 г.