Дапамога да школы

Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»05.09.2018

Выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з нецярпеннем чакалі пачатку навучальнага года, каб падзяліцца з аднакласнікамі ўражаннямі аб праведзеным леце, убачыць любімых настаўнікаў і пахваліцца новымі канцылярскімі прыладамі.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Збяром дзяцей у школу” ў прытулак з падарункамі наведалася шмат гасцей: дырэктар Смаргонскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Наталля Лабейка, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Копач, старшыня Смаргонскай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў Уладзімір Казачонак разам з калегамі, служачыя вучэбнага цэнтра дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вольга Токарава.

Госці падарылі новенькія, з прыгожымі вокладкамі, сшыткі і альбомы для малявання, каляровыя алоўкі, мядовую акварэль, пеналы, ручкі і многае-многае іншае. Старшакласнікі атрымалі і мяшкі для зменнага абутку ад раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, які ў гэтым годзе аказаў дапамогу 56 дзецям з 49 сем’яў на суму 1680 рублёў. Акрамя канцылярскіх тавараў, паважаныя візіцёры ўручылі прадметы першай неабходнасці, садавіну, прысмакі і сокі.

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак уручыла дзецям дзённікі. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі мараць пра добрыя адзнакі.

А Смаргонская пагранічная група запрасіла выхаванцаў прытулку ў госці. Дзеці з задавальненнем азнаёміліся з экспанатамі, сабранымі ў музейным пакоі кіналагічнага цэнтра. Уразілі кубкі, дыпломы, узнагароды кінолагаў і іх гадаванцаў, ашыйнікі, ланцужкі і касцюмы, якія выкарыстоўваюцца для дрэсіроўкі сабак. Дзяўчынкі і хлопчыкі з радасцю пазнаёміліся са службовымі сабакамі і прынялі ад служачых падарункі да школы.

Не засталіся ўбаку і многія неабыякавыя грамадзяне. Так, прадстаўнікі супольнасці “Чуткі Смаргоні” ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” абвясцілі акцыю, каб сабраць рэчы да школы. Акрамя канцылярскіх пралад, дзеці атрымалі абутак, адзенне, прадметы гігіены. Некаторыя сродкі былі пералічаны на дабрачынны рахунак установы. Гэтак жа ў пачатку кожнага навучальнага года дапамагае і Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.

Выказваем падзяку за падарункі, якія прынеслі задавальненне і карысць дзецям прытулку і, несумненна, спатрэбяцца ім на працягу ўсяго навучальнага года.

 

Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага СПЦ

Рундук (archive)