Аддаць свой глыток паветра іншаму. Успаміны пра курсанта-падводніка Аляксандра Лісковіча

25.07.2021

Курсант-падводнік з кобрынскай вёскі Каташы цаной жыцця ратаваў маракоў-таварышаў у Японскім моры. Летась у яго гонар з'явілася мемарыяльная дошка на школе.

Цяпер Саша Лісковіч сустракае і праводзіць кожнага вучня Хідрынскай школы, у якой некалі вучыўся сам. Са свайго партрэта, нанесенага на мемарыяльную дошку, ён пазірае адкрыта і прыязна, з ледзьве ўлоўнай усмешкай. Ён і застаўся такім — прыгожым, 20-гадовым — назаўсёды. Пры іншым павароце жыцця быў бы ўжо, відаць, ветэранам марфлоту і неўзабаве, можа, прывёў сюды ўнукаў, каб паказаць школу, у якой вучыўся. Але здарылася інакш, і нашага земляка цяпер павінны помніць чужыя, іншыя ўнукі, чые дзяды абавязаны яму жыццём.

Прызыўнікі

Пётр Назарук прызываўся на ваенную службу разам з Аляксандрам Лісковічам. Хлопцы вучыліся ў школах суседніх вёсак. А сустрэліся 18-гадовымі прызыўнікамі ў Кобрынскім ваенкамаце. Пётр Сяргеевіч добра памятае: 29 кастрычніка 1979 года ім выдалі камсамольскія пуцёўкі на службу ў ВМФ. Пасля праходжання ўсіх камісій такіх набралася 32 чалавекі з вобласці. З Брэста яны ехалі асобным вагонам у Ленінград, за дарогу перазнаёміліся: былі юнакі з Пінска, Ляхавічаў — фактычна з усіх раёнаў.

— Там, на Краснай Горцы, нас пастроілі ў шарэнгу, — згадвае Пётр Назарук. — Выступалі афіцэры, навабранцаў запрашалі на вучобу ў атрад падводнага плавання Школы тэхнікаў Ваенна-марскога флоту. Там прадугледжвалася два гады вучобы, потым служба па кантракце на пяць гадоў. Гэту школу выбралі тыя, хто вырашыў звязаць далейшае жыццё з флотам. І Саша пагадзіўся, і мяне ўгаворваў, — працягвае Пётр Сяргеевіч. — Але ў мяне не было такога жадання: я ўжо тады разглядаў верагоднасць паступлення ў сельскагаспадарчую ВНУ пасля арміі. Можна сказаць, што пасля пастраення нашы шляхі і разышліся, мы аказаліся ў розных вучэбках. Першыя гады мы з Сашам яшчэ перапісваліся. Ён быў у захапленні ад сваёй вучобы, ад будучай прафесіі марака, ад піцерскіх белых начэй. Школа знаходзілася недалёка ад Васільеўскага вострава, курсанты мелі магчымасць выходзіць у горад. Для вясковага хлопца з глыбінкі паўночная сталіца, вядома, была горадам-цудам. Адным словам, усё ішло добра.

У верасні 1981-га курсант другога года навучання школы тэхнікаў ВМФ СССР Аляксандр Лісковіч быў накіраваны на практыку на дызельную падводную лодку С-178 Ціхаакіянскага флоту. У камандзе лодкі ён служыў у якасці дублёра старшыны каманды матарыстаў. У яго абавязкі ўваходзіў кантроль за сілавымі ўстаноўкамі і абсталяваннем на падлодцы. Пасля стажыроўкі ён павінен быў атрымаць званне мічмана, планаваў вярнуцца на лодку старшыной каманды матарыстаў. Пра ўсё гэта расказаў падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі старшы памочнік капітана падводнай лодкі С-178 Сяргей Кубынін. Найперш клопатамі капітана 1-га ранга Кубыніна і ўвекавечана памяць беларуса. Але пра гэта крыху пазней.

Той дзень

Пасля выканання баявога задання падлодка накіроўвалася ў порт Уладзівастока. 21 кастрычніка 1981 года аператыўны дзяжурны даў дазвол на ўваход у заліў. Экіпаж жыў прадчуваннямі хуткага вяртання дадому, жаданых сустрэч. Ніхто не ведаў, што той жа дзяжурны даў дабро на ўваход у заліў яшчэ аднаму судну «Рэфрыжэратар-13». Апошні чамусьці ішоў уздоўж берага з выключанымі хадавымі агнямі. Гэта потым, на судзе, высветліцца, што на «Рэф-13» святкавалі дзень нараджэння старпама, ды так бурна, што забыліся на патрабаванні бяспекі і вышлі ў мора ў прыцемках без сігнальных агнёў.

...Ад сутыкнення было немагчыма ўхіліцца. На падлодцы заўважылі рыбалавецкае судна за лічаныя імгненні да ўдару. Капітан С-178 паспеў развярнуць лодку так, каб карабель не пратараніў першы адсек з баявымі ядзернымі тарпедамі.

Гэта быў бы страшэнны выбух з усімі наступствамі. Ухіліцца ад сутыкнення самым небяспечным бокам паспелі, але ў выніку траўлер зрабіў прабоіну ў лодцы плошчай у 15 квадратных метраў у раёне 6-га маторнага адсека.

Вада запоўніла названы адсек за 20 секунд. На падлодцы тут жа здарылася кароткае замыканне, а потым пажар у другім адсеку. Праз 35 секунд былі затоплены ўжо тры адсекі. Не прайшло і хвіліны, як падлодка апусцілася на глыбіню 34 метры і затанула.

Курсант Лісковіч у гэты час знаходзіўся ў 4-м адсеку. У цемры з шалёным напорам вады яны з таварышамі змаглі перакрыць магістраль вентыляцыі і загерметызаваць пераборку з галоўным трэцім адсекам, дзе знаходзіліся сямёра падводнікаў, у тым ліку старпам. На рашэнне ў хлопцаў былі секунды, правільней сказаць, іх не было. Перакрыць шлях вадзе азначала перакрыць дарогу сабе да выхаду і выратавання. Ён жа безумоўна ведаў, што ахвяруе сябе на смерць, гэты дваццацігадовы хлопчык, і рабіў гэта не раздумваючы...

Загінулі тады 32 падводнікі, 26 выратавалася, у тым ліку і дзякуючы подзвігу Сашы Лісковіча. Дапамога прыйшла праз тры дні. Не ўсе яе дачакаліся, бо цяжка было выжыць у цемры, у дэфіцыце кіслароду пры тэмпературы плюс восем у адных мокрых цяльняшках. Адзенне, сродкі выратавання засталіся ў затопленых адсеках. Усіх, каго змаглі ўзняць, адразу дастаўлялі ў бальніцу. Многім спатрэбіліся доўгае, на многа месяцаў, лячэнне і рэабілітацыя. Але ж яны выжылі!

 

Аляксандра Лісковіча разам з іншымі загінулымі маракамі пахавалі 5 лістапада 1981 года ў брацкай магіле ва Уладзівастоку.

Падчас адкрыцця дошкі кветкі ўскладвае сястра Наталля Кухта.

Памяць па крупінках

Расказвае настаўніца Хідрынскай школы Ірына Назарук:

— А тады ў Хідры прыйшла тэлеграма. Паводле слоў сястры Аляксандра Наталлі Васілеўны, паштальён прыйшла ранкам непасрэдна да мамы на ферму. Дастала з сумкі тэлеграму, а там напісана, што Саша трагічна загінуў, выконваючы службовыя абавязкі. Наташа была разам, дапамагала маці. Там яны абедзве і зайшліся ў крыку. Маці Сашы так, здаецца, і не змірылася са стратай, не акрыяла душой да канца. Калі школа збірала матэрыялы напярэдадні адкрыцця дошкі, шукалі і запісвалі ўспаміны сяброў, аднакласнікаў, сваякоў, Наталля Васілеўна не дазволіла сустракацца з мамай, трывожыць яе. А да ўрачыстага адкрыцця дошкі Вера Васілеўна не дажыла.

Ім тады прыслалі здымкі з жалобнай цырымоніі. Маракоў пахавалі, суды правялі, дакументы засакрэцілі. І, як гэта часта бывае, аб трагедыі забыліся ў маштабах краіны. А потым і краіны не стала. Але памяць жыла ў душах тых людзей, якія выратаваліся. І старпам Кубынін усё жыццё рабіў захады для ўвекавечання подзвігу маракоў падлодкі С-178. Бо не адзін Саша там аказаўся героем, жыццём ахвяравалі дзеля іншых і яго таварышы. Па-геройску сябе паводзілі і тыя, хто выжыў.

Ірына Назарук, настаўніца Хідрынскай школы.

Калі справу рассакрэцілі, паступова з'явіліся мемарыяльныя дошкі ў многіх гарадах Расіі.

Сяргей Кубынін напісаў пісьмо ў Хідрынскі сельскі Савет з прапановай годна ўвекавечыць памяць ураджэнца вёскі Каташы. Настаўніца гісторыі Ірына Назарук, жонка старшыні сельвыканкама, з энтузіязмам узялася за справу. Разам з калегамі, вучнямі яны адшуквалі аднакласнікаў Аляксандра, сваякоў, знаёмых. Запісвалі сведчанні. «Цікава, што ўсе згадвалі яго як чалавека надзвычай сціплага, хлопца, які нічым асабліва не выдзяляўся, — разважае Ірына Анатолеўна. — Сціплы, добры, не выскачка, не задзіра, ніколі не значыўся ў лідарах, працавіты. Такія, як бачым, здольныя ў крытычнай сітуацыі праявіць сябе як героі. Так адбылося і з Сашам. Ніякіх яркіх эпізодаў, цікавых, запамінальных фактаў не маглі прыгадаць нашы суразмоўнікі. Але ніхто не ўспомніў і дрэннага ўчынку Аліка — так яго найчасцей называлі тады, і гэта, відаць, галоўнае».

А ў памяці сястры Наталлі Васілеўны Кухта і праз сорак гадоў, як сёння, стаіць карціна яго апошняга наведвання роднага дома. За некалькі месяцаў да трагедыі Саша прыязджаў на пахаванне бацькі. Дома быў тады два тыдні. Білет узяў загадзя з Брэста ў Ленінград. І калі прыйшла пара выходзіць з дому, нешта нібы стала з ім. Ён не мог пакінуць хату: то на канапе ў кухні пасядзіць, то ў пакой зойдзе, то ў другі. «Кажу яму: «Алік, трэба ісці, ты ж на аўтобус спознішся — як да Брэста дабярэшся? Там жа цягнік», — згадвае сястра. — А ён: «Зараз, яшчэ крышачку». Нібы адчуваў, што апошні раз. Тады на гэта ўвагі не звярнулі. Потым стала ўсё зразумела. Так і паехаў. А вярнуўся вось толькі ў мармуры праз сорак гадоў у сваю школу.

Дошка на школе

На адкрыццё мемарыяльнай дошкі восенню мінулага года сабралася шмат гасцей: прыехалі прадстаўнікі Расійскага саюза ваенных маракоў, у тым ліку і былы старпам Кубынін, ветэраны Беларускага саюза ваенных маракоў, прадстаўнікі расійскай дыпмісіі ў Брэсце. Школьнікі падрыхтавалі цікавую праграму,

якую паказалі гасцям. Запіс гэтага мерапрыемства мы яшчэ раз з задавальненнем паглядзелі з Ірынай Назарук у яе дома.

Выступае Сяргей Кубынін і гаворыць, што курсант Лісковіч дастойны высокай урадавай узнагароды за свой подзвіг. І ветэраны флоту будуць звяртацца да кіраўніцтва беларускага ўрада з просьбай узнагародзіць героя пасмяротна:

— У той час мы жылі ў адной дзяржаве СССР, Саша адзіны з экіпажа падлодкі — беларус, цяпер у яго свая дзяржава. Але ж у подзвігу няма тэрміну даўніны, не павінна быць межаў, асабліва калі ён здзейснены на карысць выратавання жыцця іншых.

Пятру Назаруку, цяперашняму старшыні Хідрынскага сельвыканкама, гэтая тэма асабліва блізкая — як былому мараку, як бацьку, у якога сын ужо старэйшы за Сашу. Калі Пётр Сяргеевіч гаворыць пра высакароднасць і самаахвярнасць дваццацігадовага хлопца, голас пачынае па-здрадніцку дрыжаць, неймаверных высілкаў каштуе даросламу мужчыну стрымаць слёзы: «Не кожны здолее закрыць люк, перакрываючы гэтым жыццё для сябе і адкрываючы яго для іншых. Не кожны, а ён змог... Нас так вучылі, выхоўвалі. Але і не гэта галоўнае. Галоўнае — унутраны патэнцыял чалавека, яго сіла, яго духоўныя магчымасці. У яго яны былі»...

Пётр Назарук доўга размаўляў тады з Сяргеем Кубыніным. Сяргей Міхайлавіч расказваў, што многія маракі з С-178 загінулі, ратуючы іншых, а некаторыя зрабілі амаль немагчымае. І цяпер старпам робіць усё для ўвекавечання іх памяці. А таксама прыкладвае намаганні для рэабілітацыі камандзіра Валерыя Маранга, якога пасадзілі на 10 гадоў і які памёр у зняволенні.

Паводле яго слоў, камандзір і так зрабіў неверагоднае — пазбег сутыкнення караблёў лоб у лоб: «Калі б здэтанавалі баявыя тарпеды, ад «Рэф-13» не засталося б і чаравікаў старпама». Выходзіць, чалавека нароўні з іншымі прызначылі вінаватым, а вось пра тое, як бяздарна была наладжана ратавальная аперацыя, на «разборах палётаў» не згадвалі. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Ад памылак і пралікаў розных кіруючых асоб подзвіг герояў не меншае. Іх, герояў, трэба помніць заўсёды.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Фота аўтара і з архіва Хідрынскай школы

Рундук (archive)