Юнга з Салавецкіх астравоў

Нядаўна сваё 90-годдзе адсвяткаваў Уладзімір Яфімавіч Парабковіч – ураджэнец Віцебшчыны, сённяшні жыхар Узды і колішні юнга 
з Салавецкіх астравоў. 
Яго партрэт змешчаны на вок­ладцы кнігі «Салдаты Перамогі», выпушчанай колькі год таму рэдакцыяй «Мінскай праўды». Пра яго пісалі і пішуць рэспубліканскія СМІ, наша абласная газета, уздзенская «раёнка». Ён і ў сваім шаноўным узросце актыўны, бадзёры, заўсёды «на сувязі».

«Пра такіх людзей можна пісаць штомесяц, і будзе мала», – зазначыў супрацоўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама Уладзімір Грэк, суправаджаючы мяне на сустрэчу з ветэранам. Паслухаўшы расповеды Уладзіміра Парабковіча, пага­дзілася з гэтай высновай. 
Асабіста ў мяне падчас гутаркі неаднойчы з’яўляліся слёзы. Назаўсёды ў памяці гэтага сівога чалавека з мудрымі вачыма – страта маці ў сямігадовым узросце. Да драбніц паўстае ва ўяўленні разбомблены фашыстамі эшалон, на якім разам з татам ехалі ў эвакуацыю. І цела бацькі, усё ў крыві, з заплюшчанымі вачыма, якім не да­дзена было ўжо зірнуць на сына… 
Сіроцтва ў 15 год, жаданне адпомсціць ворагу і спробы разам з такімі ж падлеткамі дабрацца да фронту. Дзетпрыёмнікі, дзіцячы дом пад Куйбышавам…

Але галоўныя выпрабаванні былі наперадзе. Убачыў аднойчы Уладзімір з сябрам марака, які расклейваў аб’явы аб арганізацыі школы юнгаў ВМФ на Салавецкіх астравах. У хлопцаў загарэліся вочы. Вось яна, мара, так блізка! Падвучыцца – і на фронт!
Але якім жа доўгім аказаўся той шлях... Здавалася, многае з таго, што рабілі напачатку юнгі, пераўзыходзіла магчымасці нават моцных мужчын. А яны, худыя, заўсёды галодныя, валілі векавыя дрэвы, капалі зямлянкі, будавалі тую самую школу. І старанна спасцігалі сакрэты марскіх спецыяльнасцей.

«Я вырашыў стаць электрыкам, – прыгадвае Уладзімір Яфімавіч. – Што такое электраэнергія на караблі? Гэта як у чалавека – сістэма кровазвароту. Калі раптам штосьці адмовіла – усё... А ваяваць пачыналі з Салаўкоў. Нас вучылі страляць з вінтовак, з кулямётаў. Бамбілі ворагі Салаўкі, скідвалі дыверсантаў... Мы і не ведалі, што нас узнагародзілі за гераічную абарону Запаляр’я. Праз 42 гады знайшла мяне ўзнагарода!».

Уладзімір Парабковіч трапіў на баявы эсмінец «Сообразительный» Чарнаморскага флоту. Служыў на ім да канца вайны. Ды і затым не развітваўся – яшчэ да 1950-га года. Дарэчы, падчас баявых дзеянняў на караблі не загінуў ніводны чалавек. Хаця ў Вялікую Айчынную склаў галаву кожны чацвёрты выпускнік школы юнгаў.

Хапала цяжкасцей і ў пасляваенны час. Яго, сумленнага і мэтанакіраванага, заўсёды заўважалі, даручалі адказныя ўчасткі. Па рашэнню партыі Уладзімір Парабковіч сярод іншых быў накіраваны на ўзмацненне сяла – нампалітам Возерскай МТС, што на Уздзеншчыне. І вось ужо 65 год гэты салаўіны край – яго другая малая радзіма. Сярод шматлікіх пасад – загадчык аддзела культуры, дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання, намеснік старшыні райвыканкама, дырэктар прамкамбіната... Недарэмна яго 90-годдзе шырока адзначалі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, што ў Палацы культуры горада, для якога ён столькі зрабіў. 
Павіншаваць юбіляра прыйшлі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, адміністрацыі раёна, мясцовых добраахвотных аб’яднанняў, вучні... Прыехалі сябры, калегі з Беларускага саюза ваенных маракоў. Было шмат цёплых слоў, падарункаў, кветак. Музычныя віншаванні адрасавалі юбіляру, актыўнаму ўдзельніку бібліятэчнага клуба «Залаты ўзрост» загадчык метадычнага аддзела раённага Дома культуры Алег Каламіец і вакальная група «Сакавіца» аддзялення дзённага знаходжання асоб пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У хаце капітана трэцяга рангу Уладзіміра Парабковіча шмат цікавых экспанатаў, узнагарод, кніг яго і пра яго, фотаздымкаў. Глядзець не пераглядзець, слу­хаць не пераслухаць…