Неспакойныя сэрцы ваенных маракоў

29 июня 2015
article45.jpg

 

 Жыхары нашага раёна, чытачы раёнкі цудоўна ведаюць нашых землякоў з ліку ваенных маракоў запасу, актывістаў Беларускага Саюза афіцэраў (БСА). Гэта Мікалай Варыцкі, Леанід Бысік, Мікалай Сіманаў… Іх няўрымслівасць і няўтомнасць дазваляюць наладжваць новыя кантакты, знаходзіць новых знаёмых з ліку тых, хто мае дачыненне да службы марской. Сярод іх новых сяброў – ураджэнцы нашага раёна. Знаёмцеся: Юрый Дзмітрыеў, ураджэнец г. Косава, афіцэр у адстаўцы, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу. Нядаўна ён прыязджаў на радзіму, у Косава. Адбылася яго сустрэча з новымі сябрамі – ваеннымі маракамі запасу Івацэвіччыны…

 

Пра сваё захапленне дальнімі плаваннямі і паходамі, пра службу марскую расказвае супрацоўніку “ІВ” Юрый Дзмітрыеў:

– Пасля заканчэння Косаўскай сярэдняй школы я толькі і трызніў пра службу марскую, – узгадвае Юрый. – У ваенкамаце раілі паступаць на фінансава-эканамічны профіль, маўляў, конкурс невялікі, пройдзеш. Але я адмовіўся – толькі флот! Хаця з першага разу не паступіў у ваенна-марское вучылішча. Працаваў у Косаўскім МВА, цераз год зноў накіраваўся ў вучэбную ўстанову. І – удала. Стаў навучэнцам вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча ў Пушкіне. Профіль інжынерны…

Першыя месяцы службы прайшлі на Ціхаакіянскім флоце. 

 

За гады службы наш зямляк пакарыў дзясяткі тысяч міль марскіх прастораў. Пяць раз праходзіў Басфор, тры разы – Суэцкі канал… Рамантыка – гэта, канешне, цудоўна, але служба марская забірае многа сіл і здароўя; з сям’ёй, з дзецьмі, з любай жонкай, здаралася, развітваліся на некалькі месяцаў, а то і нават гадоў. Таму ў 45 гадоў капітан 2-га рангу Юрый Дзмітрыеў пайшоў на законны адпачынак. Жыве ў Санкт-Пецярбургу, атрымлівае добрую пенсію, часта прыязджае на гістарычную радзіму ў Косава, бо тут жыве яго бацька.

– Уражаны, прыемна здзіўлены сваімі новымі івацэвіцкімі знаёмымі, я сустрэў на сваёй радзіме цудоўных людзей! – падкрэслівае Юрый Дзмітрыеў. – Актывісты пярвічкі аб’яднання маракоў плануюць устанавіць памятны знак у Івацэвічах, увогуле, падтрымліваюць адзін аднаго, вядуць летапіс славы маракоў-беларусаў, хто служыў на флоце і дабіўся поспехаў… Значыць, гэтая старонка біяграфіі кожнага з нас – не закрытая, будзе папаўняцца новымі знаёмствамі, сустрэчамі, матэрыяламі.

Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).

На здымку: Юрый Дзмітрыеў (крайні справа) падчас сустрэчы з актывістамі аб’яднання маракоў запасу Івацэвічаў – Мікалаем Варыцкім, Леанідам Бысікам, Васілём Макарчэнем (злева направа).