КАМАНДЗІР РАКЕТАНОСЦАЎ

24.02.17

Для барысаўчаніна Валянціна Іванавіча Аўдзеева 23 лютага – двайное свята. У гэты дзень ветэран вайны, працы і Узброеных Сіл, акрамя свята абаронцаў Айчыны, адзначае і дзень свайго нараджэння. Заўтра Валянціну Іванавічу споўніцца 91 год. Нягледзячы на паважаны ўзрост, былы ваенны лётчык не страціў ранейшай вайсковай выпраўкі, мае добрую памяць.
Нарадзіўся Валянцін 23 лютага 1926 года на Магілёўшчыне, у сям’і чыгуначніка. Яго бацька Іван Рыгоравіч працаваў на станцыі Копысь счэпшчыкам вагонаў, стрэлачнікам, дзяжурным блок-паста. Пазней узначальваў машынна-трактарную станцыю, быў дырэктарам прадпрыемства па нарыхтоўцы збожжа.
Калі пачалася вайна, бацьку, разам з іншымі партыйнымі актывістамі, пакінулі на падпольнай рабоце, а сем’і падпольшчыкаў пасадзілі ў вагоны і эвакуіравалі на Усход. Так пятнаццацігадовы юнак разам з маці Марыяй Цітаўнай апынуўся ў Арэнбургскай вобласці.
Хваравітая маці працавала начным вартаўніком жывёлы, а Валянцін — на розных палявых работах. Жылі надгаладзь, на дзень атрымлівалі ўсяго па 90 грамаў цеста і паўлітра малака.
Дарослых працаздольных мужчын у пасёлку не было, таму, калі Валянціну споўнілася 16 гадоў, яму даверылі кіраваць гусенічным трактарам. А ў лютым 1944 года прызвалі на вайсковую службу.
Падчас размеркавання на зборным пункце з’явіўся марскі афіцэр і стаў агітаваць жадаючых вучыцца ў ваенна-марскім авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы. Зачараваны прыгожай формай ваеннага марака, Валянцін не змог устаяць перад такой спакусай і разам з сябрам-земляком Іванам Івашчанкам у канцы лютага ўжо быў у горадзе Пермі. У вучылішчы навабранцаў адразу ж апранулі ў марацкую форму, але замест вучобы яны сталі выконваць розныя гаспадарчыя работы. І толькі праз некалькі дзён паступіла каманда аб іх адпраўцы ў Куйбышаўскую вобласць, у школу марскіх лётчыкаў.
Тэарэтычная падрыхтоўка курсантаў пачалася ў школе адразу ж пасля прыняцця імі прысягі 1 мая 1944 года, а месяцы праз два сталі штодзённа арганізоўвацца і палёты на вучэбна-трэніровачным самалёце УТ-2. Падрыхтоўка лётчыкаў-знішчальнікаў праводзілася па паскоранай праграме, таму займацца курсантам даводзілася па 12 гадзін у дзень.
У снежні таго ж самага 1944 года вучоба ў школе была завершана, і яе выпускнікі ўжо рыхтаваліся да адпраўкі на фронт. Аднак зусім нечакана зачытваюць загад, згодна з якім сем выпускнікоў накіроўваюцца ва ўкраінскі горад Нікалаеў для далейшай вучобы ў ваенна-марскім авіяцыйным мінна-тарпедным вучылішчы. У іх ліку аказаўся і Валянцін Аўдзееў.
Але на базе таго вучылішча ў той час рыхтавалі толькі стралкоў-радыстаў, таму па вуснаму загаду яго начальніка прыбыўшых на перападрыхтоўку новаспечаных лётчыкаў адправілі ў Адэсу, дзе размеркавалі па розных вайсковых часцях. Аўдзееў трапіў у авіярамонтныя майстэрні адной з дывізій Чарнаморскага флоту, дзе на працягу некалькіх месяцаў яму давялося рамантаваць і аднаўляць пашкоджаныя ў баях самалёты.
Нікалаеўскае вучылішча аднавіла падрыхтоўку марскіх авіятараў толькі пасля Перамогі, і тады Валянцін Аўдзееў зноў прыступіў да вучобы. Марскія лётчыкі вывучалі караблі надводнага і падводнага флоту, а таксама міны, тарпеды. Лётную практыку праходзілі спачатку на хуткасных бамбардзіроўшчыках СБ, а на другім годзе вучобы – на пікіруючых бамбардзіроўшчыках ПЕ-2.
Пасля заканчэння вучобы Валянціну Аўдзееву, як аднаму з лепшых выпускнікоў, прапануюць застацца ў вучылішчы інструктарам. А калі праз год пасаду інструктара скарацілі, ён атрымаў накіраванне на службу ў Крым, у 40 Канстанцкі Чырвана-
сцяжны полк пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў ваенна-паветраных сіл Чарнаморскага флоту. Пачынаў службу на ПЕ-2, потым перавучыўся на дальні бамбардзіроўшчык ІЛ-4. Прайшоў і мінна-тарпедную падрыхтоўку, падчас якой навучыўся ўстанаўліваць міны і тарпеды, а таксама наносіць удары па караблях.
Маючы трывалую тэарэтычную падрыхтоўку і багаты практычны вопыт, лётчык Аўдзееў хутка асвоіў і паступіўшы пазней на ўзбраенне палка новы рэактыўны бамбардзіроўшчык ІЛ-28. Пазней яго пераводзяць у 5 гвардзейскі полк, на ўзбраенні якога былі рэактыўныя самалёты ТУ-14. Там жа пасля ён асвоіў і самы магутны на той час ракетаносец ТУ-16. І прайшоў па ўсіх прыступках службовай лесвіцы ад простага лётчыка да камандзіра атрада.
Людзі ў пагонах служаць там, куды іх пасылае камандаванне. Вось і капітана Аўдзеева ў 1957 годзе пераводзяць для далейшай службы на Паўночны флот. Там, лётаючы днём і ноччу ў складаных кліматычных умовах, ён яшчэ больш удасканаліў сваю лётную падрыхтоўку і атрымаў званне ваеннага лётчыка першага класа. У суровых умовах Поўначы гвардыі маёр Валянцін Аўдзееў даслужыўся да намесніка камандзіра эскадрыллі ракетаносцаў. А апошнім часам, перад звальненнем у запас, нават выконваў абавязкі камандзіра эскадрыллі.
На фронт Валянцін Іванавіч не трапіў, тым не менш пэўны ўклад у разгром ворагаў ён унёс, калі рамантаваў падбітыя самалёты, таму па праву лічыцца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Ён узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі. А яго ратная праца адзначана многімі падзякамі камандавання, а таксама медалямі “За баявыя заслугі” і “За бездакорную службу ва Узброеных Сілах СССР”.
Прафесія ваеннага лётчыка практычна пастаянна звязана з рызыкай для жыцця, таму што ў небе могуць узнікаць і ўзнікалі так званыя пазаштатныя сітуацыі. Вось і лётчыку Аўдзееву двойчы даводзілася саджаць ахопленыя агнём самалёты.
Падчас выканання аднаго з начных палётаў у Крыму на самалёце ІЛ-4 пасля ўзлёту нечакана загарэўся адзін з рухавікоў. Паведаміўшы аб пажары кіраўніку палётаў, Валянцін Іванавіч імгненна прымае рашэнне пасадзіць ахоплены агнём самалёт. Нягледзячы на рэальную небяспеку – самалёт мог узарвацца ў любы момант, – лётчык зрабіў над аэрадромам так званую “каробачку”, зайшоў на ўзлётна-пасадачную паласу і ўдачна пасадзіў палаючую баявую машыну. Падаспеўшыя пажарныя хутка патушылі агонь, дзякуючы чаму наступствы пажара былі зве-
дзены да мінімуму.
Другі амаль аналагічны выпадак здарыўся на Поўначы, у Севераморску. Валянцін Аўдзееў атрымаў заданне пракантраляваць тэхніку пілатавання маладога лётчыка на рэактыўным ракетаносцы ТУ-16 падчас трох начных палётаў. Два палёты прайшлі, што называецца, у штатным рэжыме, а вось на трэці раз у момант адрыву самалёта ад узлётна-пасадачнай паласы загарэлася левае шасі – чатыры колы дыяметрам каля метра. Больш таго, ад павышанай тэмпературы лопнула тармазная камера, і імгненна ўспыхнула разведзеная на спірце тармазная вадкасць. Калі ўжо набралі вышыню звыш 50 метраў, пачуў крык камандзіра агнявых установак старшыны Юрыя Ліпніцкага: “Камандзір, мы гарым!”.
– Азірнуўшыся назад, я заўважыў хвост полымя і пачаў рабіць круг над аэрадромам для заходу на пасадку, – прыгадвае Валянцін Іванавіч. – Захо-
джу на паласу як звычайна, убіраю абароты рухавікоў, саджу самалёт спачатку на дзве кропкі, затым апускаю штурвалам пярэдняе кола і пачынаю тармазіць, а тармазоў няма. Даю каманду лётчыку: “Тармазі”, але і яго тармазы таксама не працуюць. Паглядзеў на манометр, а ў тармазной сістэме няма ціску. Уключаю аварыйнае тармажэнне, але і яно не працуе. Ёсць яшчэ тармазны парашут, але яго можна выпускаць пры хуткасці не больш чым 150 кіламетраў у гадзіну, а там яна перавышала 170, і было пройдзена больш за палову паласы. Не вытрымліваю, націскаю адпаведную кнопку. Чую гучны воплеск – адарвала парашут, самалёт тармазнула, але ён працягвае каціцца. Прытым яго пацягнула ўбок з пасадачнай паласы. Выключаю рухавікі, як патрабуе інструкцыя, пасля чаго самалёт наогул страціў кіраванне. І вось грамадзіну масай каля 100 тон нясе ў бок стаянкі самалётаў, а ты нічога не можаш зрабіць. Пашанцавала, што на хуткасці мы пракаціліся побач з самалётамі і ўпёрліся ў сопку…
Пасля звальнення ў запас Валянцін Іванавіч пераехаў жыць у Барысаў. Працаваў механікам у мясцовай транспартнай канторы сувязі, спецыялістам па кадрах на прадпрыемствах, дыспетчарам на заводзе “БАТЭ”. Узнагароджаны медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, атрымліваў шматлікія падзякі ад кіраўніцтва прадпрыемстваў і нават ад міністра хімічнай прамысловасці Беларусі. І толькі ў 1994 годзе, ва ўзросце 68 гадоў, ветэран працы пайшоў на заслужаны адпачынак. Валянцін Іванавіч з’яўляецца ганаровым старшынёй Барысаўскай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз ваенных маракоў”.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара